Малады Фронт звярнуўся да еўрадэпутатаў

Адмысловы зварот быў накіраваны да 800 прадстаўнікоў еўрапейскага парламенту. "Калі ў роднай краіне творыцца беззаконне і адсутнічае незалежная судовая сістэма, мы вымушаны, на жаль, звяртацца да замежных палітыкаў, каб прыцягнуць увагу і беларусаў, і замежнікаў да праблемы масавых рэпрэсіяў, што адбываюцца ў краіне," — пракаментаваў намеснік старшыні МФ Мікалай Дземідзенка.

Сёння МФ праводзіць актыўную кампанію па вызваленню беларускіх апазіцыйных лідэраў з турмы. Але, каб мець поспех у вызваленні ўсіх палітвязняў, мы маем вострую неабходнасць у міжнароднай падтрымцы, зазначаецца ў звароце, паведамляе прэс-служба Маладога Фронту.



Тэкст звароту:

"Шаноўнае спадарства!

Ад імя Маладога Фронту хацелі б падзякаваць Вам за Вашую пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму. На вялікі жаль, мы вымушаныя чарговы раз звярнуцца да Вас у сувязі з судовымі працэсамі, што адбываюцца зараз над дэмакратычнымі актывістамі.

Мінулыя суды сведчаць пра палітычны характар крымінальных справаў супраць лідэраў беларускай апазыцыі і іх скіраванасць на зьнішчэнне дэмакратычнай апазіцыі. Асаблівую ўвагу мы хацелі б звярнуць на судовае паседжанне над старшынём Маладога Фронту Змітром Дашкевічам і актывістам арганізацыі Эдуардам Лобавым. Зміцер і Эдуард былі прэвэнтыўна затрыманыя яшчэ 18-ага снежня па абсурдных абвінавачваннях у збіцці грамадзян. Зараз Зміцер і Эдуард знаходзяцца ў Следчым Ізалятары па вуліцы Валадарскага ў Мінску. Суд прызначаны на 21 сакавіка. Справу будзе разглядаць суддзя Маскоўскага раёна г. Мінска Алена Шылько.

Гэтаксама хацелі б падцвердзіць словы экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча аб нечалавечых умовах утрымання і катаванняў, ужываных супраць лідэраў апазіцыйнага руху. Да гэтых умоваў і катаванняў мы залічваем: жорсткае стаўленне канваіраў са спецпадраздзяленняў КДБ, якія хаваюць свае твары пад маскамі, шантаж і псіхалягічны ціск на падследных, інфармацыйная блакада (многія родныя больш, чым за 2 месяцы, атрымалі не больш за 2–3 лісты), нізкая тэмпэратура ў камерах (каля 8–12 градусаў).

За адмову cупрацоўнічаць Змітру Дашкевічу пагражалі максімальным тэрмінам зняволення, прычым у карцэры. Эдурду Лобаву ў часе допытаў пагражалі фізічнай расправаю. Варта нагадаць, што 3-ага сакавіка Зміцер Дашкевіч быў пазбаўлены адваката у сувязі з рашэннем Мінскай гарадской калегіі адвакатаў аб выключэнні Паўла Сапелкі з яе шэрагаў. Павал Сапелка больш не можа абараняць Змітра Дашкевіча бо згодна з "Законам аб адвакатуры", адвакацкая практыка павінна адбывацца толькі ў складзе калегіі.

Сёння "Малады Фронт" праводзіць актыўную кампанію па вызваленню беларускіх апазіцыйных лідэраў з турмы. Але каб мець поспех у вызваленні ўсіх палітвязняў мы маем вострую неабходнасць у міжнароднай падтрымцы. Мы звяртаемся да Вас з просьбай удзяліць увагу да судовага паседжання 21 сакавіка над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым і далучыцца да нашага патрабавання да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітзняволеных. У выпадку незадавальнення нашага патрабавання, лічым неабходным ўзмацніць ціск на беларускі рэжым".