Маладафрантовец звярнуўся ў Генпракуратуру з нагоды праслухоўвання тэлефона
На апошнім допыце ў КДБ сябра Маладога Фронту Юльян Місюкевіч афіцыйна даведаўся, што яго тэлефонныя гутаркі праслухоўваліся.
Следчы К.Ф.Бычак прадаставіў падрабязныя фанаграмы і сценаграмы некаторых размоваў за лістапад-снежань 2010 года. Пераважная большасьць прад’яўленых у КДБ запісаў гутарак былі да выбарчых падзеяў.
У адпаведнасьці з законам аб "Аператыўна-вышуковай дзейнасці" абмежаванне канстытуцыйнага права на недатыкальнасць асабістага жыцця, у тым ліку праслухоўванне тэлефона, санкцыянуецца Генеральным пракурорам або яго намеснікам, нагадвае сайт Маладога Фронту.
У звароце юнак просіць пісьмова паведаміць, калі і якім пракурорам была выдадзена санкцыя аб правядзенні аператыўных дзеянняў у выглядзе праслухоўвання мабільнага тэлефону.
"Я — беларускі студэнт, не злачынца, не дэпутат, не палітык. Калі мае гутаркі слухае Камітэт дзяржбяспекі, дык няхай патлумачаць, якую небяспеку я ўяўляю для краіны. Калі санкцыі не было – няхай дзеянні КДБ разглядае пракуратура", – дадае Юльян Місюкевіч.