Маці Лобава: “Я спадзяюся, што яны столькі не адседзяць”
Прысутныя не пабачылі ў зале суда “пацярпелых”, але з-за іх паказанняў Змітру Дашкевічу прысудзілі 2 гады калоніі, а Эдуарду Лобаву — 4 гады.
Са спазненнем на гадзіну ад абвешчанага раней часу агучыла свой прысуд суддзя Алена Шылько лідару “Маладога фронту” Змітру Дашкевічу і актывісту арганізацыі Эдуарду Лобаву. Спадзяванні на апраўдальны прысуд аказаліся марнымі: віну маладафронтаўцаў у “хуліганстве” яна прызнала цалкам даказанай.
Суддзя Шылько: “Кіруючыся артыкуламі 349, 352, 355, 356, 358, 361, 364 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд прысудзіў: Дашкевіча Дзмітрыя Вячаслававіча прызнаць вінаватым у наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, суправаджаліся прымяненнем гвалту, учыніліся групай асоб. І прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Лобава Эдуарда Анатольевіча прызнаць вінаватым у наўмысных дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак і здзейсненыя групай асоб, і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыма”.
У адпаведнасці з заканадаўствам, у адвакатаў ёсць магчымасць цягам 10 дзён абскардзіць прысуд у Мінскім гарадскім судзе.
Дашкевіча і Лобава затрымалі за дзень да Плошчы — 18 снежня. Паводле паказанняў “пацярпелых” Савіцкага і Малышава, яны сустрэліся на вуліцы Брыля "абсалютна выпадкова" і вырашылі паехаць у цэнтр горада. Папыталіся ў Дашкевіча і Лобава, як прайсці да прыпынку. А пасля пытання пра цыгарэты, нібыта, "Дашкевіч беспрычынна нанёс удар Алегу ў жывот"…
Такі прысуд сыну не стаў нечаканасцю для Вячаслава Дашкевіча. Яшчэ пасля пасяджэння суда 23 сакавіка ён у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё казаў, што не верыць у апраўдальны прысуд Змітру.
Вячаслаў Дашкевіч: “Я рады ўжо таму, што хаця б год “скасцілі”. Год — гэта шмат значыць, усё ж такі ў суддзі прачнулася нейкая кропелька сумлення. Прабачце, я не магу гаварыць...”
Нагадаем, пракурор учора папрасіў пакараць Дашкевіча трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму, а Лобава — пяццю гадамі ўзмоцненага рэжыму.
У размове з Еўрарадыё Марыя Лобава выказала спадзяванне, што ўсе чатыры гады Эдуард не будзе ў калоніі.
Марыя Лобава: “Я мяркую, што Бог усё адно на нашым баку. І спадзяюся, што столькі яны не адседзяць. Я спадзяюся на дапамогу Еўрасаюза, што будзе нейкі ўплыў і ўсё ж такі вернуць розум нашай ўладзе. І што ў выніку ўсе вязні палітычныя выйдуць на волю. У тым ліку і мой сын”.
Па яе словах, Эдуард да апошняга спадзяваўся на тое, што суд у Беларусі выносіць прысуды па праўдзе. І калі чалавек не вінаваты, то яму няма чаго баяцца. А тое, што даказаць віну яе сына следству не ўдалося, маці ўпэўненая. І, кажа, тая акалічнасць, што падчас суда ніхто не пабачыў “пацярпелых”, сведчыць, што ў справе не ўсё чыста.
Марыя Лобава: “Гэта, найхутчэй, былі супрацоўнікі органаў. І таму іх не захацелі паказаць. Не таму, што ім нешта пагражае. Я б ніколі не пайшла помсціць. І ніхто не пайшоў бы, я ўпэўненая. Яны проста не хочуць паказваць свае твары”.
У тым, што Дашкевіч і Лобаў выйдуць на свабоду раней, чым скончыцца прысуджаны судом тэрмін пакарання, упэўнены і намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка.
Мікола Дземідзенка: “Гэты прысуд, фактычна па мінімальных тэрмінах, пацвярджае, што яны хутка могуць выйсці на свабоду. Але, на жаль, не таму, што яны не вінаватыя, а таму, што ўлада баіцца міжнароднага розгаласу. І гэтым прызнае, што гэта палітычная справа, хоць раней гэта і адмаўлялася”.
Адвакаты ад каментароў прэсе адмовіліся, таму не вядома, ці будуць яны абскарджваць прысуд. Як не вядома і тое, ці застаўся задаволены вердыктам дзяржаўны абвінаваўца: ён знік з залы судовых пасяджэнняў праз службовы выхад.
Фота: Змітра Лукашука