“Лукашэнка загнаны ў кут”: калі Пуцін пачне вырашаць “беларускае пытанне”?

Засакрэчванне аб’ёму эмісіі аблігацый Банка развіцця — як гэта адаб’ецца на эканоміцы і ці ёсць нейкія сродкі, з дапамогай якіх можна перавесці гэтыя аблігацыі ў “жывыя” грошы?
— Я думаю, што значна больш небяспечным з’яўляецца засакрэчванне інфармацыі наконт дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў, прадпрыемстваў нафтаапрацоўкі і металаў, аўтамабілебудаўніцтва. Таго, што насамрэч складае 35-40 адсоткаў беларускага экспарту, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё эканаміст Яраслаў Раманчук. — Мы нічога не ведаем пра гэта. І ўвогуле трэба крытычна ставіцца да такога паказчыка, як інфляцыя.
Па сутнасці, мы маем сітуацыю як у Савецкім Саюзе, калі ў нас няма аб’ектыўнай інфармацыі для таго, каб ацаніць стан беларускай эканомікі. Усе гэтыя лічбы сёння ператвараюцца ў інструменты прапаганды, агітацыі альбо пераканання беларусаў у тым, што “ўсё добра”. Яны будуць даваць інфармацыю як па COVID: што мы лічым патрэбным, тое і трэба даваць.
Банк развіцця, як і ўсе дзяржаўныя інструменты, якія сёння ёсць на фінансавым рынку, — гэта высокарызыкоўныя інструменты, звязвацца з якімі я б беларусам не параіў.
На чарговай нарадзе 17 жніўня Лукашэнка зноў закрануў пытанне інтэграцыйных праграм з Расіяй. Ці ёсць нейкія падставы, каб пачаць хвалявацца?
— Памятаеце, колькі разоў нам казаў спадар Сямашка наконт таго, што ўсё ўжо дамоўлена амаль на 95 адсоткаў і засталося толькі падпісаць і ўзгадніць нейкія мапы? Памятаеце, што казаў Лукашэнка на “Вялікай размове”, маўляў, “трэба роўныя варункі працы, тады ўсё будзе добра”. Ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] дае нейкія справаздачы, але ўся гэта інфармацыя разлічана не на Крэмль, а на ўнутраную наменклатуру, на “чырвоны дырэктарат” для таго, каб яны верылі ў тое, што Лукашэнка ізноў дамовіцца з Крамлём, атрымае грошы, атрымае тыя варункі, якія ён патрабуе.
Ужо не адзін раз выказвалася меркаванне, што ў Крамлі змянілася стаўленне да Лукашэнкі, што яго ўжо ўспрымаюць не так, як раней. Маўляў, гаворка там ідзе ўжо амаль што пра тое, што яму час сыходзіць. Але нягледзячы на ўсе чуткі і размовы, грошы Крэмль як даваў, так і дае. Якая сітуацыя складваецца насамрэч?
— Справа ў тым, што ў Аляксандра Лукашэнкі там шмат магутных лабістаў, — тлумачыць Яраслаў Раманчук. — Спадар Пуцін ведае, што, напрыклад, расійскае Міністэрства эканомікі выступае супраць гэтых схемаў. Але Пуцін на сённяшні дзень не мае іншага сцэнара пра Беларусь акрамя таго, каб падтрымліваць Лукашэнку, павялічваць ціск альбо нейкія актывы “аджымаць” — і не больш за тое.
У Пуціна сёння радыкальна іншыя прыярытэты, і ён не будзе займацца пытаннем Беларусі, пакуль не вырашыць у свой бок пытанне Украіны. Лукашэнка сёння загнаны ў кут, ён ніколі не будзе размаўляць з Захадам таму, што гэта вайна, інфармацыйная і дыпламатычная, тут відавочна нічога не будзе. Таму ратунак незалежнасці Беларусі, як гэта ні парадаксальна, сёння ў Кіеве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.