Лідара страйкама "Беларуськалія" вызвалілі з іміграцыйнай турмы ў ЗША

Анатоль Бокун

Анатоль Бокун / AP

З іміграцыйнай турмы ў ЗША вызвалілі аднаго з лідараў страйкама "Беларуськалія" Анатоля Бокуна. Суддзя задаволіў яго заяву пра наданне прытулку — гэта значыць, беларус зможа пастаянна пражываць у Злучаных Штатах.

Не абышлося без дапамогі ад Офіса Святланы Ціханоўскай. Там падрыхтавалі ліст у падтрымку Бокуна. А дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў падчас працэсу быў сведкам абароны.

Пра тое, што Бокун знаходзіцца ў іміграцыйнай турме, стала вядома 23 верасня падчас сустрэчы Сяргея Ціханоўскага з беларускай дыяспарай Нью-Ёрка. У такім цэнтры трымаюць імігрантаў, пакуль вырашаюць, ці даваць ім палітычны прытулак.

На "Беларуськаліі" Бокун працаваў механікам, быў сустаршынёй страйкама прадпрыемства. У 2020–2021 гадах мужчына адседзеў 100 сутак у ІЧУ ў Салігорску і Старых Дарогах. Адміністрацыя завода звольніла яго, абвінаваціўшы ў "парушэнні працоўнай дысцыпліны". Пазней Бокун пераехаў у ЗША, дзе хадайнічаў пра палітычны прытулак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.