Колькасць выяўленых фальшывых купюр у Беларусі вырасла на чвэрць

За тры месяцы 2015 года банкаўскія работнікі Беларусі выявілі 253 падробленыя купюры і 2 падробленыя манеты. У параўнанні з І кварталам мінулага года колькасць такіх падробак узрасла на 25%, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Нацбанк.

Больш за ўсё фальшывак выявілі ў Мінску — 44,3% ад усіх падробленых грашовых знакаў.

Найбольшай папулярнасцю ў фальшываманетчыкаў карыстаюцца долары — 58,4%, на другім месцы расійскія рублі — 25,5%, на трэцім — еўра — 13,7%. Нацыянальную валюту падрабляюць мала — 2% ад усіх канфіскаваных фальшывых купюр. Таксама сустракаюцца і экзатычныя для нашага рэгіёну грошы — напрыклад, несапраўдная банкнота ў 100 кітайскіх юаняў і 200 сербскіх дынараў.