Кіроўца цэментавоза ў Гомелі загінуў, калі разарвала шво цыстэрны

Кіроўца цэментавоза загінуў у Гомелі

Кіроўца цэментавоза загінуў у Гомелі / Следчы камітэт

61-гадовы кіроўца цэментавоза загінуў у Гомелі 27 траўня, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Трагічны інцыдэнт здарыўся каля 16:30 на заводзе па вытворчасці бетонных вырабаў і цэментавага раствора.

Паводле папярэдніх звестак, пры разгрузцы аўтамабіля разарвалася шво цыстэрны. Цэмент пад ціскам лінуў з рэзервуара на кіроўцу. Мужчыну адкінула на металічныя канструкцыі каля сцяны. Ад шматлікіх траўмаў ён памёр на месцы здарэння.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Следчыя забралі з завода дакументацыю па ахове працы і кадравыя дакументы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.