Кінакрытык, якога “закэнсэлілі” беларусы, пахваліў фільм пра пратэсты-2020
Кінакрытык Антон Долін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кінакрытык Антон Долін у калонцы для Meduza пахваліў фільм “Беларусь: Маршрут перабудаваны” беларускага рэжысёра Максіма Шведа. Фільм заснаваны на гутарках з таксістамі і іх пасажырамі, запісанымі напярэдадні выбараў 2020 года.
“Гэты вельмі прафесійны, эфектны, складны, уважлівы да дэталяў фільм яшчэ і надзвычай джармушаўскі. Калі не па духу, то пэўна па форме”, — напісаў Долін.
Антон Долін павінен быў выступаць на фэсце “Прадмова”. Але пасля хвалі незадаволенасці, што паўстала ў сацсетках, ён адмовіўся ад удзелу ў фэсце. Пра прычыны нязгоды арганізатараў фэсту з некаторымі яго ўдзельнікамі, што адмаўляліся выступаць на адным фестывалі з расіянамі, мы дэталёвей пісалі тут.
Як высветлілася ўжо пасля адмовы Доліна ўдзельнічаць у фэсце, ён планаваў выступаць на “Прадмове” з аналізам фільмаў, прысвечаных беларускім пратэстам. Пасля хвалі хэйту паслухаць кінакрытыка на жывую Беларусы ўжо не змогуць. Але прынамсі змогуць прачытаць яго калонку.