Католікі, пратэстанты і ўніяты святкуюць Раство
Святочныя набажэнствы на беларускай і польскай мовах праходзяць у касцёлах Беларусі.
25 снежня Раство Хрыстова адзначаюць хрысціяне заходняй традыцыі — католікі, пратэстанты і грэка-католікі. У гэты дзень святкуюць Божае Нараджэнне і праваслаўныя вернікі ў тых краінах, дзе іх царква прытрымліваецца грыгарыянскага календару.
З нагоды вялікага хрысціянскага свята да беларускіх католікаў звярнуўся мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што свята Раства выклікае ў людзей “шмат прыемных успамінаў і эмоцый”, але “радуючыся з атрыманых падарункаў і засяроджваючы сваю ўвагу на матэрыяльных рэчах, мы адначасова павінны памятаць аб той любові, якой іншы чалавек такім чынам дзеліцца з намі”.
“Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы становімся сведкамі таго, як Бог адорвае нас заўсёды актуальным падарункам, якім з’яўляецца ўцелаўлёны Божы Сын. Езус Хрыстус — гэта той дар, які ніколі не завяршаецца і працягваецца ў заўсёды актуальнай таямніцы ўцелаўлення Бога”, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Паводле словаў святара, сёлета Раство адзначаецца “у асаблівы час гісторыі”, калі колькасць праблем і выклікаў імкліва павялічваецца. Сярод такіх праблем ён называе крызіс інстытуту сям’і, дэмаграфічны крызіс, практыку эўтаназіі, эксперыменты з эмбрыёнамі, рэпрадуктыўныя тэхналогіі і гендерную ідэалогію. Таксама Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пасланні закрануў праблему ўзброеных канфліктаў і тэрарызму, сацыяльную несправядлівасць, пераслед хрысціянаў у некаторых краінах, маральную разбэшчанасць моладзі, беспрацоўе, міграцыю і беднасць.
Асабліва небяспечнай ён лічыць тэндэнцыю прыстасаваць вучэнне Касцёлу да свецкіх стандартаў сучаснага свету. Прычынай гэтых ды іншых праблем Тадэвуш Кандрусевіч называе тое, што “самадастатковы чалавек адрынуў Бога”.
“Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысціянства, калі трэба сказаць наша рашучае “так” Богу і Евангеллю, бараніць прынцыпы нашай веры, як гэта рабілі нашы продкі ў ранейшыя часы, асабліва ў часы ганенняў. Мы заўсёды павінны памятаць, што святло Хрыста свеціць у цемры і цемра яго не агорне”, — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.