Кампанія, якая абслугоўвае інфраструктуру "Тэлеграма", працуе на ФСБ
Telegram, ілюстрацыйнае фота / Unsplash
За інфраструктуру "Тэлеграма" адказваюць тыя ж кампаніі, што абслугоўваюць комплексы расійскіх спецслужбаў, якія выкарыстоўваюцца для сачэння за грамадзянамі. Нават тых, хто карыстаецца сакрэтнымі чатамі ў тг, можна вылічыць — бо да зашыфраваных паведамленняў месенджар дадае незашыфраваны ідэнтыфікатар прылады. Гэта высветлілі журналісты расійскага выдання "Важные истории".
Значная частка сервераў, якія "Тэлеграм" выкарыстоўвае для дастаўкі паведамленняў, належаць кампаніі Global Network Management з Антыгуа і Барбуда. За ёй стаіць ураджэнец Тальяці Уладзімір Ведзянееў, які да 2024 года быў бенефіцыярам яшчэ адной кампаніі з падобнай назвай — "Глобалнет".
А "Глобалнет" аказвае паслугі ў тым ліку і Галоўнаму навукова-даследчаму вылічальнаму цэнтру Упраўлення справамі прэзідэнта РФ. Афіцыйна гэтая арганізацыя займаецца тэхнічным забеспячэннем сустрэч з удзелам Пуціна. А неафіцыйна гэта закрыты аналітычны цэнтр, які працуе ў інтарэсах ФСБ, МУС і Мінабароны Расіі.
Таксама Ведзянееў быў бенефіцыярам кампаніі "Электронтелеком" з Санкт-Пецярбурга. Яна, з аднаго боку, перадала ў карыстанне "Тэлеграму" больш за 5 тысяч IP-адрасоў. А з іншага — выконвае заказ ФСБ Расіі па мантажы і тэхнічным абслугоўванні "комплекса перадачы спецыяльнай інфармацыі са стацыянарных аб'ектаў, <...> які выкарыстоўваецца для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў".