Каб выжыць у гушчары леса, жыхар Ганцавічаў спаліў шапку і заплечнік
63-гадовы жыхар Ганцавічаў заблукаў у лесе падчас збору журавінаў. 7 лістапада пенсіянер разам са сваім знаёмым паехаў на машыне ў лес. Мужчыны пакінулі аўтамабіль на абочыне дарогі каля вёскі Боркі і дамовіліся сустрэцца праз тры гадзіны. Аднак пенсіянер, у якога не было мабільнага тэлефона, не прыйшоў на месца сустрэчы ў прызначаны час і не вярнуўся ў той дзень дадому.
8 лістапада знаёмы пенсіянера звярнуўся ў міліцыю. У раён меркаванага месцазнаходжання зніклага выехалі 15 супрацоўнікаў міліцыі і чацвёра работнікаў мясцовага лясгасу. У той дзень мужчыну не знайшлі і пошукі працягнуліся 9 лістапада. Да пошукавай аперацыі ўсяго далучыліся 30 чалавек, у тым ліку выратавальнікі з МНС.
Каля 14.00 заблукалы пенсіянер пачуў галасы людзей, якія клікалі яго па мегафоне і выйшаў да іх. Мужчына распавёў, што начаваў у забалочанай мясцовасці. Каб сагрэцца, ён спаліў шапку і заплечнік, а голад наталяў журавінамі.
Пенсіянер адмовіўся ад шпіталізацыі і яго даставілі дадому, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Ганцавіцкі раённы аддзел міліцыі.
Фота: gants.by