Ізраіль пашырае аперацыю супраць ядзернай інфраструктуры Ірана

Калаж з сцягамі Ірана і Ізраіля / Danielo via Shutterstock
Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) абвясціла пра пашырэнне маштабнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Ірана. Мэта — спыніць развіццё ядзернай праграмы Ісламскай Рэспублікі і адказаць на працяглыя акты агрэсіі з боку іранскага рэжыму, паведамляе саветнік офіса прэм’ер-міністра Ізраіля Дзмітрый Гендэльман.
Па дадзеных ізраільскага боку, авіяўдары наносяцца па дзясятках стратэгічных аб’ектаў, уключаючы пускальныя ўстаноўкі балістычных ракет, ваенныя базы і ключавыя элементы інфраструктуры. Аперацыя праводзіцца на аснове дакладнай і шматгадовай разведвальнай інфармацыі, уключаючы свежыя даныя апошніх месяцаў.
"Дзяржава Ізраіль не дазволіць рэжыму, які адкрыта заклікае да нашага знішчэння, наблізіцца да стварэння зброі масавага знішчэння", — заявілі ў ізраільскім урадзе.
У Тэль-Авіве падкрэсліваюць, што дзеянні маюць абарончы характар і накіраваны выключна на забеспячэнне бяспекі і прадухіленне ядзернай пагрозы з боку Тэгерана.
Ізраіль пачаў свае ўдары па тэрыторыі Ірана ў ноч з 12 на 13 чэрвеня. У выніку атак былі знішчаны некалькі высокапастаўленых іранскіх ваенных і навукоўцаў, звязаных з ядзернымі распрацоўкамі. Па афіцыйных дадзеных Ірана, у выніку ізраільскіх удараў загінулі 78 чалавек, больш за 320 атрымалі раненні, у тым ліку мірныя жыхары.
У адказ увечары 13 чэрвеня Іран нанёс ракетныя ўдары па тэрыторыі Ізраіля, у выніку якіх, па паведамленнях СМІ, загінулі чатыры чалавекі, больш за 70 атрымалі раненні.
Улады Ізраіля заявілі пра гатоўнасць да далейшых дзеянняў у выпадку эскалацыі канфлікту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.