Холдынг РБК застаўся без кіраўніцтва
Расійскі холдынг РБК застаўся без кіраўніцтва. Пасля таго, як быў звольнены галоўны рэдактар газеты "РБК" Максім Солюс, вырашылі сыходзіць галоўны рэдактар РБК Раман Баданін і шэф-рэдактар Елізавета Асяцінская, інфармуе meduza.io.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Солюса "вызвалілі ад пасады супраць яго волі", а Баданіна і Асяцінскую звольнілі па пагадненні бакоў. Прэс-служба холдынга паведаміла, што сёння апошні дзень іх працы. Генеральны дырэктар холдынга Мікалай Малібог кажа, што звальненне журналістаў звязана з "рознагалоссямі па некаторых важных пытаннях". Паводле яго слоў, найперш маюцца на ўвазе планы развіцця РБК. Паколькі адзінага меркавання па важных пытаннях не было, было вырашана са згаданымі асобамі развітацца, адзначыў гендырэктар.
Часова абавязкі рэдактара аб'яднанай рэдакцыі РБК выконвае Ірына Малкова, якая была намесніцай Рамана Баданіна.