Хакеісты мінскага "Дынама" сталі пераможцамі турніру памяці Руслана Салея
Спаборніцтвы завяршыліся 17 жніўня ў "Мінск-Арэне".
Турнірная сітуацыя перад заключным матчам склалася такім чынам, што дынамаўцам для агульнай перамогі трэба было перамагчы зборную клубаў Беларусі як мінімум у овертайме ці па булітах. У выніку “Дынама” святкавала перамогу з лікам 3:0 ў асноўны час. Да фінальнага матча турніра табліцу ўзначальваў расійскі клуб “Сочы”, аднак у выніку ён фінішаваў другім.
Выніковае становішча каманд: "Дынама-Мінск" - 8 ачкоў, "Сочы" - 7, зборная клубаў Беларусі - 3, "Нёман" - 0.
Пераможцамі першых двух турніраў памяці Руслана Салея станавіліся расійскія клубы. У 2012 годзе трафей выйграў "Віцязь", у 2013-м - "Амур". Экс-капітан нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Руслан Салей трагічна загінуў у авіякатастрофе пад Яраслаўлем 7 верасня 2011 года разам з камандай "Лакаматыў".