Хакеісты мінскага "Дынама" дома прайгралі па булітах "Словану"

Хакеісты мінскага "Дынама" дома прайгралі па булітах "Словану"

26 кастрычніка ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі мінскае "Дынама" ў сябе дома прымала "Слован" з Браціславы. Сустрэча скончылася з лікам 3:4 (1:1, 1:2, 1:0, 0:0, буліты — 2:3) на карысць гасцей.

У дынамаўцаў забітымі шайбамі адзначыліся Нік Бэйлен, Раян Веске, Дзмітрый Мялешка.

Пасля 24 гульняў "Дынама" мае 32 ачкі і займае 12-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Каманда мае 10 перамог (8 у асноўны час, 1 — у авертайме, 1 — па булітах) і 14 паразаў (10 у асноўны час, 2 — у авертайме, 2 — па булітах), розніца шайбаў 58-62.

Наступныя сем матчаў клуб правядзе дома: 28 кастрычніка — з магнітагорскім "Металургам", 30 кастрычніка — з уфімскім "Салаватам Юлаевым", 2 лістапада — з дынамаўцамі Рыгі, 10 лістапада — з заграбскім "Медзвешчаком", 12 лістапада — са "Слованам", 14 лістапада — з маскоўскім "Дынама", 16 лістапада — з "Віцязем" з Падольска.

Фота: hcdinamo.by