Грабоўскі і Дзянісаў не выступяць за зборную на алімпійскай кваліфікацыі

Нападнік Міхаіл Грабоўскі не зможа выступіць за беларускую зборную па хакеі на алімпійскай кваліфікацыі. На сёння Грабоўскі — адзіны беларус, які гуляе ў клубе Нацыянальнай хакейнай лігі ("Нью-Ёрк Айлендэрс").
"Я размаўляў з Грабоўскім. Здароўе сапраўды не дазволіць яму згуляць у Мінску", — перадае БелаПАН словы галоўнага трэнера зборнай Дэйва Льюіса. За апошнія некалькі сезонаў хакеіст атрымаў шэраг сур'ёзных траўмаў, у тым ліку двойчы — страсенне мозгу.
Таксама не зможа падтрымаць беларускую каманду і абаронца чалябінскага "Трактара" Уладзімір Дзянісаў — у яго пашкоджанае плячо. Па словах Льюіса, зборная не можа разлічваць таксама на абаронцу Дзмітрыя Корабава, нападнікаў Аляксея Калюжнага, Арцёма Дзямкова і галкіпера Віталя Коваля.
Але бліжэйшым часам да зборнай далучацца нападнікі Андрэй Касціцын, Джэф Плат, Аляксандр Кітараў і Андрэй Стась (26 жніўня), а таксама абаронца Мікалай Стасенка (29 жніўня).
Капітанам зборнай на алімпійскай кваліфікацыі абралі Андрэя Стася.
За выхад на зімовую Алімпіяду 2018 года, якая пройдзе ў Паўднёвай Карэі, беларусам давядзецца змагацца са зборнымі Даніі, Славеніі ды Польшчы.