Гендырэктар Wizz Air раскрытыкаваў забарону палётаў над Беларуссю

Гендырэктар авіякампаніі Wizz Air Ёжэф Варадзі раскрытыкаваў рашэнне еўрапейскіх урадаў забараніць палёты над Беларуссю.
У каментары інфармагенцтву Reuters ён заявіў: "Я не думаю, што гэта правільны адказ. Авіяцыя не павінна выкарыстоўвацца як "цацка палітыкі" і сродак палітычных санкцый".
Варадзі сумняецца ў тым, што падчас вымушанай пасадкі ў Мінску рэйса Афіны — Вільня пасажыры былі ў небяспецы.
Пасажырскі авіялайнер Ryanair 23 траўня быў вымушаны сесці ў Беларусі пад канвоем знішчальніка. Беларускія ўлады патлумачылі гэта клопатам пра пасажыраў. Пасля гэтага еўрапейскі авіярэгулятар заклікаў авіялініі пазбягаць беларускай павтранай прасторы як небяспечнай.
Пасля вымушанай пасадкі з борта Ryanair былі знятыя і ўзятыя пад варту блогер Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега. На іх у Беларусі пачалі крымінальныя справы.
Варадзі падкрэсліў, што забарона на палёты над Беларуссю амаль не закранула яго кампанію, бо рэйсы Wizz Air у Расію прыпыненыя ў сувязі з абмежаваннямі па COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.