Еўрапейскі суд па правах чалавека зноў адмовіў беларусу Гнёту ў абароне
Андрэй Гнёт / facebook.com/andrew.gnyot/
Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў беларусу Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі. Пра гэта рэжысёр паведаміў у Facebook. Палітуцекачу пагражае высылка ў Беларусь з Сербіі. Разгляд апеляцыі рэжысёра Андрэя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі разгледзяць 27 жніўня ў Бялградзе.
Гнёт падкрэслівае, што Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў яму ўжо трэці раз. Там лічаць яго запыт "перадчасным". "Цяпер у мяне ўсё яшчэ няма ніякай міжнароднай падтрымкі", — піша беларус.
Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое ў РБ аб'явілі "экстрэмісцкім фармаваннем". Гнёт пакінуў Беларусь па палітычных матывах. У кастрычніку 2023-га яго затрымалі ў Сербіі паводле ордара Інтэрпала: рэжым Лукашэнкі абвясціў Гнёта ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў.
Сем месяцаў палітуцякач правёў у сербскай турме, потым яго перавялі пад хатні арышт. Вярхоўны суд Сербіі пастанавіў экстрадзіраваць Андрэя Гнёта ў Беларусь, але ён з адвакатам абскардзіў гэтае рашэнне. У абарону Гнёта выступілі разнастайныя беларускія і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Amnesty International. Ён піша, што цяпер яму патрэбныя яшчэ больш юрыдычных рэсурсаў унутры Сербіі, якія працуюць па перадаплаце. Дапамагчы Андрэю можна па спасылцы.