Экс-супрацоўнік USAID: паўмільёна тон ежы ў падвешаным стане
ЗША
Паўмільёна тон харчовай дапамогі ЗША коштам больш за 300 млн. долараў знаходзяцца ў падвешаным стане, сказаў Reuters былы супрацоўнік USAID.
Заступіўшы на пасаду прэзідэнта ЗША, Дональд Трамп загадаў замарозіць выдаткі на міжнародную дапамогу. Замарозка павінна працягнуцца 90 дзён, у гэты час адміністрацыя Трампа пераглядае ўсе праграмы замежнай дапамогі. Гэта паралізавала складаную глабальную сістэму, накіраваную на прадухіленне голаду.
Дзяржсакратар Марка Рубіа заявіў, што ў выглядзе выключэння пастаўка экстранай харчовай дапамогі можа быць працягнутая. Але большая частка паставак часова спынілася, паколькі гуманітарныя арганізацыі пакуль не разумеюць, якія з праграм можна працягваць выконваць.
ЗША з'яўляюцца найбуйнейшым донарам дапамогі. За апошнія пяць гадоў яны забяспечылі гуманітарную дапамогу на суму 64,6 млрд долараў (амаль траціна ад агульнага аб'ёму).