Экс-палітвязень Гнёт анансаваў кінапаказ у Сербіі, дзе правёў год у зняволенні

Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт / Cкрыншот відэа са старонкі ў "Фэйсбуку" @andrew.gnyot

Відэамэйкер і палітычны актывіст Андрэй Гнёт анансаваў кінапаказ у Белградзе. Да таго ён не па сваёй волі правёў у сталіцы Сербіі 17 месяцаў — яго затрымалі і збіраліся выдаць беларускім уладам. Развязаць справу ў судзе і вызваліцца з-пад арышту атрымалася толькі ў кастрычніку 2024 года.

У анонсе падзеі Гнёт кажа, што ён той самы журналіст, рэжысёр і палітзняволены, які “змагаўся ў Сербіі за сваё жыццё і свабоду”, і запрашае патрапіць на “асабісты паказ” ад антываеннай і фем-супольнасці. Беларус абяцае паказаць фільм “Інтэрстэлар” Крыстафера Нолана, які сам да таго паглядзеў ужо 6 разоў.

“Кісларод, паліва і ежа ў маёй капсуле фактычна на нулі. Я вырваўся, але захрас у limbo. Я не застануся ў даўгу і ў адказ на вашую дабрыню аддамо вам самае каштоўнае, што ў мяне ніхто не змог адабраць”, — загадкава і патасна адзначае актывіст.

Паказ адбудзецца 26 красавіка ў белградскай арт-прасторы “Аўдыторыя”.

Еўрарадыё вырашыў запытацца ў Андрэя, ці будзе ён абчуваць сябе бяспечна ў Белградзе, адкуль давялося выязждаць з такімі праблемамі. “Дзякуй, што яшчэ сочыце за маёй актыўнасцю. Дэталі вы дазнаецеся з маіх наступных анонсаў”, — інтрыгуе ў адказ Гнёт.

Мяркуючы па каментарах да анонса, беларус не плануе ехаць у Белград, і падключыцца да гледачоў анлайн. Паказ плануецца “адукацыйны і дабрачынны”, але пры гэтым праз абавязковы данэйшан ад 1 тысячы сербскіх дынараў (8,5 еўра).

Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік аб’яднання спартоўцаў SOS BY, якое беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Ён выехаў з краіны з палітычных прычын. У кастрычніку 2023 года яго затрымалі ў Сербіі паводле ордэра Інтэрпола — улады Беларусі аб’явілі яго ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Сем месяцаў Гнёт правёў у сербскай турме, пасля чаго быў пераведзены пад хатні арышт. Вярхоўны суд Сербіі прыняў рашэнне выдаць яго Беларусі, але Гнёт разам з адвакатамі абскардзіў гэта. У верасні апеляцыйны суд адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі.

У яго абарону выступілі як беларускія, так і міжнародныя арганізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.