Дзіцячы садок закрылі, каб перадаць на карысць міліцыі

Вось ужо амаль восем гадоў дзіцячы садок № 70 па вуліцы Славінскага ў Мінску не працуе. Зараз там выбітыя ўсе вокны, басейн закіданы пустымі бутэлькамі і смеццем, а ў былых дзіцячых спальнях і пакоях для гульняў збіраюцца, паводле словаў мясцовых жыхароў, п'яніцы і наркаманы. За гэты час там забілі дваіх чалавек.

Згодна з афіцыйнай версіяй, садок у жніўні 2002 года закрылі з-за недахопу дзяцей і неабходнасці рамонту памяшканняў.



Але як распавяла Еўрарадыё мясцовая жыхарка Валянціна Шалейнікава, групы былі цалкам укамплектаваныя. І зараз у бліжэйшых дамах амаль тысячу дзяцей бацькі вымушаныя вадзіць у садкі за некалькі кварталаў ад дома. Дый рамонт будынку на той час быў непатрэбны.

Валянціна Шалейнікава:
"Калі садок закрывалі, то ўлады сказалі, што нібыта будзе рамонт. Але калі потым была праведзеная пракуратурай праверка, то было выяўлена, што дзіцячы садок знаходзіцца ў задавальняльным стане, цалкам укамплектаваны дзецьмі, і падстаў для яго закрыцця не было".



Але дзецям будынак чамусьці не аддалі. Садок, кажа жанчына, прастаяў без гаспадароў да 2003 года, пасля чаго яго аддалі міліцыянтам — ГУУС Мінгарвыканкама. Нібыта, для таго, каб там размясцілі ўнутраныя службы Першамайскага РУУС. Але Валянціна Шалейнікава паказала журналісту Еўрарадыё дакумент, які сцвярджае, што будынак гэты перадаваўся міліцыянтам раёна для перапродажу.

Валянціна Шалейнікава:
"Нібыта, перадавалі садок ГУУС Мінгарвыканкама для размяшчэння ўнутраных службаў Першамайскага РУУС. Але ў нас ёсць дакумент за подпісам у той час намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Анатоля Куляшова, што будынак перадаецца для продажу праз аўкцыён. Такая ж інфармацыя прыйшла і ад старшыні Першамайскага райвыканкама Скакуна".





Але як сцвярджае Шалейнікава, прадаць камерсантам дзіцячы садок міліцыянты планавалі яшчэ да яго закрыцця. І гэта ў той час, калі там, як сведчаць вынікі праверкі, праведзенай пракуратурай, не было ніводнага свабоднага месца!

Валянціна Шалейнікава: "Як потым нам стала вядома, яшчэ да закрыцця садка ў жніўні 2002-га, у чэрвені, былы начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Рак звярнуўся ў Мінгарвыканкам з просьбай аб продажы будынка па астаткавым кошце камерцыйнай структуры "Дольчэ-Віта".



Бізнэс з нейкіх прычынаў у міліцыянтаў не пайшоў, і садок камерсанты не набылі. Нібыта з-за таго, што на будынак не было нейкіх тэхнічных дакументаў. Пры тым, што належыў ён дзяржаўнай будаўнічай арганізацыі, верыцца ў гэта з цяжкасцю. Але ў выніку памяшканне фактычна засталося без гаспадара. Менавіта за гэтыя некалькі гадоў, пакуль уласнікамі яго былі міліцыянты, як пазней паказала праверка, будынак і прыйшоў у занядбаны стан.



Пасля зваротаў занепакоеных садок перадалі Фізкультурна-аздараўленчаму камбінату Першамайскага раёна. На праектныя працы па яго перабудове было выдаткавана 500 мільёнаў рублёў, але нечакана будынак ізноў перадаюць у іншыя рукі. Гэтым разам — для размяшчэння там Школы алімпійскага рэзерву. І яшчэ 500 мільёнаў пайшло на праектныя працы.

Валянціна Шалейнікава: "500 мільёнаў, гэта пацверджана дакументальна, выдзяляецца на праектныя працы, каб перарабіць пад Школу алімпійскага рэзерва. Прызначаецца дата будаўніцтва, але раптам гэты зямельны ўчастак і будынак перадаюцца пад будаўніцтва двух 19-павярховых жылых дамоў ТАА "Тапаз-Плюс".



Гэта жыхароў бліжэйшых дамоў абурыла: там і так у дварах цесна. Было сабрана звыш за 1,5 тысячы подпісаў праціўнікаў такога будаўніцтва. Бацькі пікетавалі адміністрацыю Першамайскага раёна з патрабаваннем наноў адкрыць на старым месцы садок. Але адміністрацыя ўвагі на іх не звяртае. Праўда, і будаўніцтва ніякага там з 2009 года не вядзецца.

Што будзе на месцы дзіцячага садка №70, Еўрарадыё пацікавілася ў намесніка кіраўніка адміністрацыі раёна Васіля Яфіменкі. Паводле яго словаў, гэты ўчастак і будынак садка сапраўды выдзелены ТАА "Тапаз-Плюс". Для будаўніцтва двух дамоў і школы па боксе.

Васіль Яфіменка: "Праект рашэння выканкама аб адчужэнні дадзенага адміністрацыйнага будынка на карысць "Тапаза" знаходзіцца на ўзгадненні ў Савеце Міністраў. Два месяцы з таго часу мінула, і павінна было нешта зрушыцца".




І параіў за дакладнай інфармацыяй звярнуцца да новага ўладальніка садка і зямлі пад ім. Але як паведамілі Еўрарадыё ў кампаніі "Тапаз", станоўчага адказу з Саўміна яны не атрымалі.

Супрацоўнік "Тапаза": "Больш за паўгода таму нам было адмоўлена ў будаўніцтве там двух дамоў і школы па боксе. Замест гэтага — будзем рэканструяваць існуючы будынак. Пад аказанне бытавых паслуг насельніцтву. Крамы нейкія будуць, спартзала будзе, хутчэй за ўсё".

А тое, што больш за тысячу дзяцей бліжэйшых дамоў хацелі б, каб тут быў садок, нікога, атрымліваецца, не цікавіць. Дарэчы, як паведаміла Валянціна Шалейнікава, паводле таго ж прынцыпу, што і садок №70, была закрытая школа №88. Таксама, нібыта, з-за таго, што там не хапала дзяцей. І гэтак жа сама яе перадалі ГУУС Мінгарвыканкама. А потым памяшканні школы пачалі здаваць у арэнду розным арганізацыям і фірмам.

Фота: Зміцер Лукашук