Дзень горада ў Жабінцы скончыўся масавымі затрыманнямі

Дзень горада ў Жабінцы скончыўся масавымі затрыманнямі

Масавымі затрыманнямі скончылася святкаванне Дня горада ў Жабінцы. Ёсць звесткі, што аднаго чалавека трымаюць у ізалятары яшчэ і ў аўторак.

Маці затрыманага Паўла Наталля Крываручка напісала ў сацсетках, што шукае відавочцаў, якія здымалі гэтае затрыманне. Па яе словах, на яе сына, які проста здымаў затрыманні, пачалі крымінальную справу.

Святкаванне ў Жабінцы зацягнулася глыбока за поўнач. У нейкі момант адпачывальнікі пабачылі, які міліцыянты затрымалі аднаго з хлопцаў. Паводле адной з версій, ён перавысіў хуткасць, прыпаркаваў машыну ў дварах, а калі прыйшоў на гулянні, то яго аператыўна затрымалі, піша nn.by. Некаторыя з відавочцаў сталі здымаць затрыманне на тэлефоны — і іх таксама затрымалі. 

Адзін з затрыманых Артур Р. распавёў журналістам, як развіваліся падзеі: "Мяне цягам пяці хвілін звязалі, а пасля павезлі ў міліцыю. Трымалі да сёмай гадзіны ранку. Правялі допыт, пыталіся, што адбылося. Мы ж проста хацелі ўбачыць, каго там затрымалі".

Па словах Артура, такіх затрыманых, як ён, было каля 7-8 чалавек. Ён дадаў, што іх трымалі ў кайданках і нават пырснулі балончыкам у вочы. 

Наталля Крываручка, чыйго сына затрымалі, кажа, што міліцыянты хапалі за нішто: "Затрымлівалі хлопца, і мой сын пачаў здымку. Амапавец выбіў у яго тэлефон з рук. Пачалі круціць. Хлопцаў збівалі і ў аўтобусе, і ў самой міліцыі. Ні за што, проста яны бачылі затрыманне".

Цяпер на хлопца могуць пачаць крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў. "Паўлу прыпісваюць, што ён ударыў амапаўца і пашкодзіў бус. Ні таго, ні другога ён не рабіў! У мяне ёсць відэа тых здарэнняў, я сабрала шмат у каго", — кажа маці.

Таксама крымінальную справу могуць завесці на Аляксандра П. — таксама за супраціў міліцыянту: "Мне кажуць, што я спачатку накінуўся на амапаўца і душыў яго, а пасля душыў нейкага міліцыянера, але я гэтага не рабіў! У мяне вага 70 кілаграмаў, я яшчэ быў выпіўшы. А там амапавец у тры разы большы за мяне. Я ў жыцці ніколі не біўся!"