“Дырэктара школы аўтаматчыкі вывелі з кабінета на вачах у дзяцей”
Чым і як жывуць простыя людзі ў мяцежных рэгіёнах на ўсходзе Украіны? Еўрарадыё размаўляе з жыхарамі Данецка, Луганска і Славянска.
Антытэрарыстычная аперацыя, заявы пра незалежнасць ці далучэнне да Расіі, перастрэлкі з сепаратыстамі і колькасць забітых ды параненых — такія навіны штодня прыходзяць з усходніх рэгіёнаў Украіны. А чым жывуць простыя людзі ў Данецку, Луганску ды Славянску? Ці ходзяць на працу, ці працуюць школы ды паліклінікі, ці выплачваюць пенсіі?
Пакуль што ўсё ў Луганску працуе ў тым жа рытме, што і да пачатку антытэрарыстычнай аперацыі і стварэння так званай “Луганскай народнай рэспублікі”, расказвае Еўрарадыё жыхар гэтага горада Вячаслаў Бандарэнка. Праўда, робіць націск на слова “пакуль”.
Вячаслаў Бандарэнка: “Усё працуе пакуль што. Пакуль што працуюць камунальныя службы, усе ходзяць на працу, у дзіцячыя садкі, школы. Вось цяпер разметку робяць на дарозе, высаджвае кветкі ў горадзе наш мясцовы “Зелянбуд” — жыццё працягваецца. Але як доўга яно будзе заставацца ў такім звыклым рэчышчы, ніхто не ведае”.
Працуюць крамы і грамадскі транспарт, банкі выдаюць пенсіі, а “хуткая”, як і раней, прыязджае на выклікі, працягвае Вячаслаў. Вось толькі атмасфера ў горадзе вельмі напружаная.
Вячаслаў Бандарэнка: “Сітуацыя вельмі напружаная, у горадзе шмат людзей з аўтаматамі, простых луганчан выкрадаюць сярод белага дня і пастаянна выкладаюць відэа ў інтэрнэт — то аднаго чалавека схапілі, то іншага. Да прыкладу, учора выкралі дырэктара сярэдняй школы, жанчыне каля 60 гадоў: днём прыехалі аўтаматчыкі і на вачах у дзяцей дырэктара школы, паважаную жанчыну, пад канвоем вывелі, пасадзілі ў машыну і звезлі”.
Прычына — дырэктар не дазволіла праводзіць у школе рэферэндум “за аддзяленне ад Украіны”. Вечарам простыя людзі на вуліцу практычна не выходзяць, пастаянна ў горадзе чуваць стрэлы, дзеліцца з Еўрарадыё жыхар Луганска. І невядома, чаго далей чакаць ад кіраўніцтва самаабвешчанай рэспублікі.
Вячаслаў Бандарэнка: “Народны савет” сказаў, што будзе мяняць пашпарты, пячаткі. Але адкуль яны будуць браць грошы, як будзе працаваць эканоміка — нічога не зразумела. А большасць людзей спадзяецца на падтрымку Расіі”.
Пакуль ходзяць на працу людзі і ў Славянску, водзяць дзяцей у садкі і школы, банкі выдаюць пенсіі і заробкі бюджэтнікам, працуе нават грамадскі транспарт. Праўда, без адбітку вайны ўсё ж не абыходзіцца, расказвае мясцовы студэнт Дзмітрый.
Дзмітрый: “Школы і дзіцячыя садкі працуюць, пазачынялі толькі ВНУ. Я вучуся ў авіяцыйным каледжы, і нас зачынілі і адправілі ўсіх дамоў. Адзнакі за сесію паставілі аўтаматам. Ёсць у Славянку педуніверсітэт — яны вучацца праз скайп. У іх цяпер сесія, і ўсё неабходнае яны перадаюць па электроннай пошце”.
У самім Славянску грамадскі транспарт працуе, але ні электрычкі, ні цягнікі не ездзяць. Большасць крамаў зачынілася, і ніхто не ведае, кажа Дзмітрый, чым усё скончыцца — шмат страху і няўпэўненасці ў сваёй бяспецы ў людзей. Усе хочуць міру і спакою.
Амаль нічога не змянілася ў штодзённым жыцці простага чалавека і ў Данецку, расказвае мясцовы жыхар Яўген Ясенаў. Але і тут гучыць слова “пакуль”.
Яўген Ясенаў: “На працу людзі ходзяць. Вось мая дачка працуе ў іншым канцы горада — яна штодзень з перасадкай ездзіць на працу. І ніякіх праблем у яе пакуль не было: як ездзіла раней, так ездзіць і цяпер, транспарт працуе. Вада ёсць, газ ёсць, электрычнасць яшчэ ні разу не адключалі за гэты час — пакуль усё працуе стабільна. Вось у мяне пад вокнамі кватэры дзіцячы садок, і я бачу, як там гуляюць дзеці”.
Усе бюджэтнікі атрымліваюць заробкі своечасова, як і пенсіянеры — пенсіі, якія, разважае Яўген Ясенаў, былі пералічаныя з рэспубліканскага бюджэту ў абласны яшчэ да пачатку антытэрарыстычнай аперацыі. Што да настрояў у горадзе, то людзі, кажа суразмоўца Еўрарадыё, найперш не хочуць нічога агульнага мець з новай кіеўскай уладай. І не асабліва задумваюцца над цаной іх сыходу з-пад крыла Кіева — яны проста хочуць спакойнага жыцця. І спадзяюцца, што Расія ім гэты спакой забяспечыць.
Глядзяць у бок Расіі, але пенсіі і бюджэтныя грошы атрымліваюць з Кіева і на гэта не наракаюць, тлумачыць сістэму выплат у мяцежных рэгіёнах украінскі эканаміст Аляксандр Пасховер.
Аляксандр Пасховер: “Ні разу не чуў, каб людзі ў Славянску ці Марыупалі, якія крычаць пра “кіеўскую хунту”, не прыйшлі па пенсію ці хаця б паскардзіліся на тое, што ім не даюць пенсію. З аднаго боку, “кіеўская хунта”, а з іншага — грошы давай! Але ўкраінская дзяржава стараецца выконваць усе свае функцыі. І фінансаванне бюджэтнікаў у тым ліку. Прычым не толькі ў адносна спакойных Данецку ці Луганску, але і там, дзе ідуць баі, — у Славянску ды Краматорску, у Марыупалі. Але калі дзяржава будзе адмаўляцца выконваць гэту сваю функцыю, гэта будзе на карысць сепаратыстам”.
Да ўсяго, самаабвешчаныя ўлады Данецкай ды Луганскай “рэспублік” шмат крычаць пра незалежнасць, але браць на сябе функцыі дзяржавы чамусьці не хочуць, звяртае ўвагу эканаміст.
Аляксандр Пасховер: “Гэтыя людзі, якія заяўляюць пра незалежнасць, — яны ж не бяруць на сябе функцыі кіравання. Ні камунальнай гаспадаркай, ні іншымі структурамі — яны проста не забяспечваюць парадак у выкананні функцый дзяржавы!”
Ад выканання сваіх фінансавых абавязкаў перад мяцежнымі рэгіёнамі Кіеў можа адмовіцца толькі ў тым выпадку, калі яны будуць акупаваныя — туды прыйдуць замежныя войскі. І нагадвае, што нават пасля выхаду Крыма са складу Украіны Кіеў працягваў пералічваць туды бюджэтныя грошы. І ніводзін з новых грамадзян Расіі ў Крыме, усміхаецца Аляксандр Пасховер, чамусьці не адмовіўся ад “крывавых грошай кіеўскай хунты”.