Дырэктар беларускага санаторыя ў Літве застаўся без віду на жыхарства
Ілля Епіфанаў / калаж 15min.lt
Дырэктар санаторыя "Беларусь" у літоўскім Друскенінкаі застаўся без віду на жыхарства ў Літве, піша партал 15min.lt.
Перад каталіцкім Раством Ілля Епіфанаў вяртаўся ў Літву, але памежнікі не ўпусцілі яго ў краіну.
Прадстаўнік Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Рокас Пукінскас патлумачыў журналістам, што від на жыхарства Епіфанава ануляваны, бо ён можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі са снежня 2020 года, калі ён падпарадкоўваўся Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі. Улетку 2021-га яго перадалі ў падпарадкаванне Рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Тады рахункі санаторыя разблакавалі. Паўгадавы прастой прынёс установе вялікія страты — гаворка ішла пра мільёны еўра.
Літва не выдавала візы грамадзянам Беларусі для адпачынку ў санаторыі. Выключэнне зрабілі толькі для дзяцей-інвалідаў і бацькоў, якія суправаджалі іх.
Епіфанаў казаў, што за апошнія два гады з санаторыя давялося звольніць больш за 200 супрацоўнікаў. Але ў 2023 годзе туды змаглі прыехаць некалькі заездаў беларусаў.
Апошнім часам Літва стала больш актыўна высылаць грамадзян Беларусі, нават калі яны пражылі на яе тэрыторыі шмат гадоў.