"Дынама": Як убачылі дзяцей у майках з Лукашэнкам — за галаву схапіліся!

Апрануць дзетак, якія выйшлі разам з футбалістамі, у майкі з партрэтам Лукашэнкі, прыдумаў мясцовы дэпутат, а ў камандзе пра гэта не ведалі. Сакратар ЦВК лічыць, што акцыя — не шэдэўр, але выбарчы закон не парушае.


21 лістапада футбалістаў брэсцкага "Дынама" і бабруйскай "Белшыны" на матч апошняга тура чэмпіянату Беларусі вывелі дзеці ў цішотках з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі і надпісам "Наш прэзідэнт!". Для гульцоў і адміністрацыі каманды гаспадароў гэтая акцыя стала нечаканасцю:


"Арганізацыяй пачатку матча, у тым ліку і выхаду хлопчыкаў, а таксама таго, што адбываецца ў перапынку і іншых знешніх атрыбутаў займаецца стадыён, — распавёў Еўрарадыё прэс-аташэ брэсцкага "Дынама" Эдуард Белемук. — Натуральна, яны прыцягваюць да гэтай працы іншых адмыслоўцаў, а клуб займаецца тым, што гуляе ў футбол".


Не чакаў, што матч ператворыцца ў палітычную акцыю, і гуляючы трэнер каманды Юрый Пудышаў:


"Адбылася такая акцыя... Але асабіста я пра яе не ведаў, убачыў толькі на стадыёне".


"Футбалісты былі вельмі здзіўленыя, — працягвае Эдуард Белемук. — Асабіста я, напрыклад, схапіўся за галаву. Футбол — па-за палітыкай, і ўвогуле спорт мусіць быць па-за палітыкай. Да таго ж, скарыстаныя дзеці, на якіх гэтыя майкі начапілі. Дзеці ў палітычных гульнях — гэта "прыўкрасна, але... Пардон! Ну і, нарэшце, мастацкае выкананне маек... Вельмі нізкая якасць".


Еўрарадыё паказала фота дзетак у майках "Наш прэзідэнт!" сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку. Яму іх якасць таксама падалася сумнеўнай: 


"Месца для размяшчэння партрэта кіраўніка дзяржавы знайшлі не самае лепшае. Калі глядзіш на фота — не шэдэўр, адназначна. Шлёпаць на потную майку выяву прэзідэнта... Ці не перайшлі яны не толькі эстэтычныя і этычныя нормы, але і нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб прэзідэнце?"


А вось парушэння выбарчага заканадаўства, на думку Мікалая Іванавіча, у акцыі на брэсцкім стадыёне няма:


"Я, як сакратар ЦВК, не магу гэта разглядаць як перадвыбарную агітацыю, — кажа Лазавік. — Вось калі б тут было напісана "Наш будучы прэзідэнт" ці "Наш кандыдат у прэзідэнты" — гэта адназначна была б агітацыя да выбараў. Але тут гэта партрэт кіраўніка дзяржавы, які можа прысутнічаць на кожным масавым мерапрыемстве".


Мяжа тут даволі тонкая. Калі б на брэсцкіх дзетках з'явілася фота Уладзіміра Някляева з подпісам "Наш прэзідэнт!", гэта ўжо адназначна было б перадвыбарнай агітацыяй.


"Гэта быў бы дазволены элемент. Але — агітацыйны", — падкрэсліў Мікалай Лазавік.
У брэсцкім "Дынама" кажуць, што апрануць дзетак у майкі з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі прыдумаў дэпутат мясцовага гарсавета Георгій Дарбуашвілі.


Фота: "Салідарнасць"