Дрыблінг на асфальце і чартэр для "Юнацтва". Наш хакей у пяці цытатах Захарава

Вядомы трэнер Міхаіл Захараў лічыць, што ў беларускім хакеі #чтотонетак, і не баіцца казаць пра гэта. Спецыяліст не шкадуе эпітэтаў ні для старшыні Федэрацыі хакея Ігара Рачкоўскага, ні для нямоглай нацыянальнай зборнай, ні для мінскага "Дынама" — адзінай нашай "топавай" каманды, якая гуляе ў Кантынентальнай хакейнай лізе.
Мы выбралі пяць цытат Захарава, з якіх можна зразумець, што адбываецца ў беларускім хакеі.
У аўторак "Юнацтва" Захарава ў 1/16 Лігі Еўропы з мінімальнай перавагай — 3:2 — перайграла дзеючага пераможцу турніру, шведскую "Фрэлунду". 11 кастрычніка мінчукоў чакае матч у адказ. Па словах Захарава, грошай на чартарны рэйс у клуба няма — паляцяць у Стакгольм з перасадкай у Франкфурце: "Паляцім перакладнымі — у 7 раніцы з Мінска вылецім, у 7 вечара ў Швецыю прыляцім".
1. "Нас там сустрэнуць, а пасля яшчэ дзве гадзіны да Гётэборга аўтобусам, — іранічна каментуе для Еўрарадыё Міхаіл Захараў. — Не-не-не, ніякай праблемы мы ў гэтым не бачым. Мы спакойна да гэтага ставімся. Ды без розніцы! Спакойна садзімся, спакойна дабіраемся. Нам гарантавалі, што па дарозе нічога не згубіцца".
Летась хакейныя чыноўнікі пачалі працаваць над стварэннем аб'яднанай Еўрапейскай лігі. Для мінскага "Дынама" яна можа зрабіцца альтэрнатывай Кантынентальнай хакейнай лізе, у якой музыку замаўляюць расіяне.

2. "Не хочам мы ў КХЛ гуляць? Ну, не гуляйце! Мы не будзем гуляць, а беларусы будуць гуляць. Усё! Адмовяцца ад грамадзянства ўсе да аднаго і паедуць туды. Гэта жыццё, і ніхто іх за гэта не асудзіць, — каментуе намеры Федэрацыі хакея Захараў. — Сыход з КХЛ і стварэнне гэтай лігі нічога не дасць. Яны могуць у Вільню падцягнуць малдаван, яшчэ каго-небудзь. Не слухайце пра гэтую лігу нават, гэта я сур'ёзна вам кажу. І як толькі мы сыдзем з КХЛ, вылецім [маецца на ўвазе нацыянальная зборная. — Еўрарадыё] у групу В. Літаральна год, я вам гарантую! Толькі дзякуючы гэтаму праекту, КХЛ, мы займаем сёмае месца на чэмпіянатах свету. Будзем як Украіна. Недзе там будзе наш узровень".
Тым часам, беларускі хакейны чэмпіянат памірае. "Юнацтва" Захарава не мае сапернікаў.
3. "Сёння наш хакей валіцца проста ў прорву, — кажа Захараў. — Калі вы паставіце мне задачу выйграць у "Брэста" з лікам 15:0, дык мы гэта зробім. Скажаце, што трэба два матчы выйграць — мы зноў выйграем. Як ёсць кажу. Часам стрымліваем гульцоў..."
Пры гэтым аднаго беларускага клуба ў КХЛ, на думку Захарава, яўна недастаткова. Каб трымацца сярод мацнейшых, нацыянальнай зборнай трэба больш гульцоў належнага ўзроўню. А цяпер у трэнера папросту няма выбару.

4. "Усе кажуць, што дрэнная сітуацыя ў Беларусі. Але паўсюль дрэнна! Не трэба гэтага баяцца. Гэта [другі клуб у КХЛ. — Еўрарадыё] адразу дасць штуршок развіццю хакея. І для "Дынама" гэта будзе лепш. Кіраўнікі "зуброў" заўжды былі "за". Беражкоў казаў, што другая каманда патрэбная. Але на гэтым усё і сканчалася. Які выбар гульцоў з'явіцца ў трэнера зборнай? У яго будзе адразу каля 40 гульцоў! З'явіцца канкурэнцыя за трапленне ў зборную, і хакеісты будуць сур'ёзна да гэтага ставіцца. А гульцоў [для другой каманды ў КХЛ. — Еўрарадыё] мы знойдзем. У нас сёння ёсць і Кавыршын, і Кітараў, і Стась, і Корабаў, і Касціцыны, у нас, па сутнасці справы, касцяк каманды ўжо быў бы", — сказаў Захараў.
Трэнерская кар'ера Міхаіла Захарава пачалася 20 гадоў таму ў спартовай школе мінскага "Юнацтва". Сёння спецыяліст лічыць, што сістэма падрыхтоўкі маладых хакеістаў у Беларусі разваленая дашчэнту.

5. "У нас хлопцы, як у Каменным веку, адпрацоўваюць дрыблінг на асфальце, а не на штучным пластыкавым лёдзе, які на ўсю краіну ёсць, здаецца, толькі ў Маладзечне. А ў Канадзе такія "фішкі" абсталяваныя для юніёраў у іх распранальнях! Ёсць хвілінка — адышоў 10 метраў ад сваёй "клеткі", узяў клюшку, папрацаваў, — распавядае Захараў. — Дапусцім, недзе ўсё неабходнае з'явіцца. Але гэта ўсё роўна нават не паўсправы. Сістэму інтэрнатаў трэба развіваць. Не ў адных Раўбічах, а па ўсёй краіне. Іх мусіць быць як мінімум сем: па адным у кожнай вобласці і ў Мінску. Тады нейкая карысць з'явіцца. А не так, як цяпер: у Наваполацку няма нармальнай відэакамеры нават у дарослай каманды. А яна мусіць быць у кожнай юнацкай. Каб нармальна аналізаваць відэа, разбіраць тактыку... Калі нехта лічыць, што дастаткова пабудаваць 30 каткоў, каб хакеісты пайшлі "валам", дык яны глыбока памыляюцца. Лёд — гэта 20%. Для таго, каб у нас было 100% выніку, павінна быць сістэма: гэта і дзве разавыя трэніроўкі з 14 гадоў, і трэнажорны зал, відэапрагляд і разбор пасля кожнай гульні, гульнявая зала, зала для дрыблінгу, харчаванне..."
Фота: TUT.by.