Чаму на “Чарнобыльскі шлях” не прыйшла большасць лідараў апазіцыі?

Падчас “Чарнобыльскага шляху” карэспандэнт Еўрарадыё заўважыў лідараў толькі дзвюх апазіцыйных структур: Партыі БНФ — Аляксея Янукевіча і БХД — Віталя Рымашэўскага. І гэта нягледзячы на тое, што ад пачатку ў аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху-2013” увайшло 6 партый і грамадскіх арганізацый. Ну, і дзе яны былі?


Лідару левых Сяргею Калякіну прыйсці на акцыю перашкодзіла хвароба, скардзіцца намеснік старшыні “Справядлівага свету” Валеры Ухналёў.



Валеры Ухналёў: “Сяргей Іванавіч хварэе, ён на працэдурах штодня — ад раніцы да вечара, не ляжыць у шпіталі, а на дзённым стацыянары. А па-другое, ён не можа хадзіць, ён не можа прайсці — можа пастаяць хвілін 10, але не больш за тое. Бо ў яго спіну скруціла і ён — ніяк”.



Але, як даведалася Еўрарадыё, гэта не зашкодзіла лідару левых… з’ехаць у замежную камандзіроўку! Дзе ён і знаходзіцца ў гэтыя дні.
Самаму Ухналёву прысутнічаць на “Чарнобыльскім шляху” перашкодзіў пераезд офіса партыі — кажа, што ў пятніцу і ў выхадныя займаўся гэтай святой справай.


Не было на шэсці нікога з кіраўнікоў “Гавары праўду”. Уладзіміру Някляеву ўдзельнічаць у масавых акцыях забаронена судом. Дый дома трэба быць увечары — міліцыянты правяраюць. У Андрэя Дзмітрыева таксама паважная прычына для адсутнасці.



Андрэй Дзмітрыеў: “Нічога сур’ёзнага. Проста я асабіста захварэў — ніякага тут дэмаршу!”



Два сцягі “Гавары праўду” на шэсці былі. Але гэта не азначае, што на “шлях” выйшлі толькі два “някляеўцы” — у кампаніі прынялі рашэнне на супольных акцыях сваёй сімволікай відовішча не псаваць. Маўляў, прыгажэй, калі ўсе ідуць пад бел-чырвона-белымі сцягамі.



Эпідэмія напярэдадні “Чарнобыльскага шляху” падкасіла і актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Віктара Івашкевіча — палітык лечыць у шпіталі “хранічныя хваробы”.



Намеснік лідара руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч мае паважнае тлумачэнне адсутнасці на акцыі.



Юрась Губарэвіч: “Звычайна гэта залежыць ад магчымасці прысутнічаць у Мінску. На жаль, на гэты раз у мяне такой магчымасці не было”.



Аляксандр Мілінкевіч, нібыта, на месцы збору ўдзельнікаў шэсця быў. Спраўдзіць гэту інфармацыю ў самога палітыка не атрымліваецца — на тэлефанаванні той не адказвае. Але ні падчас шэсця да плошчы Бангалор, ні падчас мітынгу яго статную постаць заўважыць не ўдалося.



Старшыня АГП Анатоль Лябедзька на сярэдзіне дарогі ад Акадэміі навук да Бангалор да шэсця далучыўся. Паспеў даехаць з Астраўца. Але ўжо на плошчы Бангалор не “свяціўся”.



Анатоль Лябедзька: “Я на гэты дзень сваю праграму, лічу, што выканаў. Мы сваё зафіксавалі стаўленне".


"Чарнобыльскі шлях" хранічна хворы на апазіцыю…

Фота: Змітра Лукашука