Былы палітвязень Аляксандр Малчанаў ажэніцца ў дзень Плошчы

Пра гэта Аляксандр напісаў у сваім Фэйсбуку:


“Сёння быў у ЗАГСе, падаў заяву на заключэнне шлюбу. Роспіс прызначылі на 19 снежня. Толькі праз паўгадзіны я ўсвядоміў аналогію з падзеямі трохгадовай даўніны”.



Аляксандр выйшаў на волю ўсяго тры месяцы таму, калі адбыў пакаранне 1 год 6 месяцаў у калоніі ўзмоцненага рэжыму — за крадзеж металалому на суму 736 тысяч рублёў. На судзе патлумачыў, што не мог знайсці сабе працу і не меў сродкаў для існавання, таму і ўзяў металалом на тэрыторыі закінутага завода.



Раней Аляксандр Малчанаў быў асуджаны на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму пасля падзеяў Плошчы-2010. Ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і абразе дзяржаўнага сцяга, які ён зняў з будынка КДБ, усталяваўшы на яго месца бела-чырвона-белы сцяг. 14 верасня  2011 года Малчанаў быў вызвалены згодна з указам Лукашэнкі аб памілаванні.