Брэсцкі студэнт скраў у бацькі 7,5 тысяч долараў і прайграў іх
У Брэсце 20-гадовы сын скраў у бацькі вялікую суму валюты і прайграў грошы. Падрабязнасці здарэння агенцтву БЕЛТА распавёў афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.
10 траўня а другой гадзіне ночы ў міліцыю звярнуўся 61-гадовы брэстаўчанін. Мужчына заявіў праваахоўнікам, што з 8 па 10 траўня з яго дома невядомыя скралі 7,5 тыс. долараў.
Зламысніка ўдалося знайсці з дапамогай праверкі на паліграфе. Выявілася, што грошы скраў сын пацярпелага, які вучыцца ў адной з ВНУ Брэста. У яго забралі частку скрадзеных грошай — 4,4 тыс.долараў. Астатнюю суму юнак прайграў у ігральных установах.
На хлопца пачалі крымінальную справу за крадзеж. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.