Беларусы за суткі закрылі збор для шахматыста, які выступіў супраць гвалту
Уладзіслаў Кавалёў
Беларусы за суткі закрылі збор для шахматыста, які выступіў супраць гвалту. Цяпер Уладзіслаў Кавалёў мае сродкі для паездкі на чэмпіянат свету ў Самарканд, заўважыла "Наша Ніва".
Праз сваю грамадзянскую пазіцыю Кавалёў не мае падтрымкі Беларускай федэрацыі шахмат. Таму на чэмпіянат свету па рапідзе і бліцы, што пройдзе ва Узбекістане з 25 па 30 снежня, будзе заяўлены ад Міжнароднай федэрацыі. Усе выдаткі для падрыхтоўкі і ўдзелу ў ЧС Уладзіслаў вымушаны пакрываць самастойна.
Учора была абвешчана сума збору — 1600 долараў (1470 еўра). Гэтая сума пакрывала б выдаткі на падрыхтоўку, размяшчэнне і арганізацыйныя пытанні ў часе ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Па стане на раніцу суботы сабрана 1500 еўра, зроблена 38 ахвяраванняў. Але збор працягваецца.
Уладзіслаў Кавалёў — падпісант адкрытага ліста беларускіх спартоўцаў супраць гвалту, а таксама падпісант міжнароднай антываеннай дэкларацыі спартоўцаў.