Беларуская каталіцкая царква не будзе благаслаўляць аднаполыя пары
Каталіцкі святар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Беларуская каталіцкая царква не будзе благаслаўляць пары, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе, і аднаполыя пары. Пра гэта гаворыцца ў заяве Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Аўтары заявы нагадалі, што "адзіным сужэнскім саюзам, які прызнае Каталіцкі касцёл, з’яўляецца саюз паміж мужчынам і жанчынай як супольнасць усяго жыцця, скіраваная па сваёй прыродзе да дабра сужонкаў, а таксама для нараджэння і выхавання патомства ". Таму касцел Беларусі "не мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную Дэкларацыяй магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе і аднаполых пар".
Размова ідзе аб дэкларацыі Дактрынальнага аддзела Ватыкана, якая была апублікавана ў мінулым снежні. Дакумент упершыню дазволіў каталіцкім святарам благаслаўляць аднаполыя пары, але ўдакладніў, што гэта не павінна адбывацца падчас літургій ці якіх-небудзь іншых фармальных царкоўных рытуалаў. Аўтары Дэкларацыі асабліва падкрэслілі, што благаслаўленне аднаполых пар не будзе азначаць легітымізацыю падобных адносін у вачах каталіцкай царквы. Яно будзе толькі пацвярджаць прынцып, што Бог вітае ўсіх людзей без выключэння. Дакумент ухваліў Папа Францішак.
Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі са свайго боку нагадвае сваім святарам і дыяканам, што "нелітургічнае благаслаўленне можа быць дадзена ўсім, хто пра гэта просіць". Але папярэджвае, што "заўсёды неабходна пазбягаць удзялення благаслаўлення менавіта парам, якія жывуць у так званым "грамадзянскім шлюбе", а таксама тым, хто жыве ў кананічна нядзейсным сужэнстве або аднаполым парам". На думку беларускай каталіцкай царквы, "такое благаслаўленне можа быць успрынята іншымі вернікамі як згода на грэх".