Барысаўская міліцыя атрымала сігнал з банка пра хатні гвалт
Банкаўскай работніцы ўручылі падзяку і каштоўны падарунак / edinstvo.by
Барысаўская міліцыя атрымала сігнал з банка пра хатні гвалт. Як піша edinstvo.by, банкаўская работніца звярнула ўвагу на наведвальніцу, "паводзіны і знешні выгляд якой выклікалі непакой". Яна патэлефанавала ў міліцыю.
Выданне не ўдакладняе, што было далей: жанчыну пераканалі дачакацца ў банку прыезду міліцыі ці затрымалі? Адзначаецца толькі, што супрацоўніца турбавалася не дарма. Высветлілася, што наведвальніца "падвергнулася хатняму гвалту незадоўга да паходу ў банк".
А банкаўскай работніцы "за праяўленую пільнасць, неабыякавасць, аказанне садзейнічання органам унутраных спраў у барацьбе з хатнім гвалтам" 13 сакавіка міліцыянеры ўручылі падзяку і каштоўны падарунак.