Андрусю Цянюту вынесена папярэджанне за дзейнасць ад імя Маладога Фронту

Вайскоўца Андрэя Цянюту, які праходзіць тэрміновую службу ў 103-й мабільнай брыгадзе сіл адмысловых аперацый, папярэдзілі пра недапушчальнасць удзелу ў незарэгістраваных арганізацыях.

Як паведаміў БелаПАН Цянюта, 23 сакавіка яго выклікаў у адмысловы аддзел падпалкоўнік Сяргей Чарткоў, які ўручыў пісьмовае папярэджанне.

Афіцыйнае папярэджанне абвешчана за "здзяйсненне дзеянняў, якія фармальна падпадаюць пад прыкметы складу злачынства, за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці".

"Цянюта з'яўляецца актыўным чальцом незарэгістраванай ва ўсталяваным парадку ў РБ моладзевай арганізацыі "Малады фронт", удзельнічае ў мерапрыемствах рэгіянальных структур БХД і МФ, ажыццяўляе пошук прыхільнікаў, якія падтрымліваюць дадзеныя групоўкі ў мэтах прыцягнення іх да пратэстнай антыканстытуцыйнай дзейнасці", — працытаваў дакумент малады чалавек.

У папярэджанні гаворыцца, што пры здзяйсненні паўторных дзей ён будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

"У мяне патрабавалі тлумачэнняў, але я адмовіўся іх даваць у адпаведнасці з артыкулам 27 Канстытуцыі, якая дазваляе мне не сведчыць супраць самога сябе. Я лічу, што дадзенае папярэджанне звязана з маёй дэмабілізацыяй — такім чынам на мяне спрабуюць аказаць ціск і звязаць мне рукі, напалохаць мяне. Але гэта папера мяне ніколькі не палохае", - распавёў актывіст.