Андрэй Касціцын можа перайсці ў кітайскі “Куньлунь Рэд Стар”

Вядомы беларускі хакеіст Андрэй Касціцын можа перайсці ў кітайскі “Куньлунь Рэд Стар”, які выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Пра гэта паведамляе сайт championat.com. Пакуль гэта неафіцыйная інфармацыя. Нібыта, Касціцын ужо падпісаў кантракт з клубам з Пекіна тэрмінам на адзін сезон.
Андрэю Касціцыну 32 гады. Ён — старэйшы брат хакеіста Сяргея Касціцына. Нападаючы пачынаў сваю кар’еру ў Наваполацку, пасля гуляў за мінскае “Юнацтва”, “Віцебск”, ЦСКА, “Хімік”. У 2004 годзе Касціцын перабраўся за акіян, выступаў у НХЛ за “Манрэаль Канадзіенс” (у 2005-2012 гадах). У 2012 годзе Андрэй Касціцын вярнуўся ў Еўропу, выступаў у КХЛ за “Трактар”, “Сочы” і “Тарпеда” з Ніжняга Ноўгарада. У мінулым сезоне ён быў хакеістам расійскага клуба “Сочы”, у 51 матчы закінуў 16 шайбаў, аддаў 18 галявых перадачаў. Хакеіст — гулец нацыянальнай зборнай Беларусі.