Аляксей Янукевіч: Дагэтуль ніхто з боку ўладаў на нас не выйшаў
Партыя БНФ распачала кругласуткавыя дзяжурствы ў офісе на Машэрава, 8.
У мінскім офісе Партыі БНФ прайшло першае начное дзяжурства. Нагадаем, ЖРЭА Савецкага раёна адмовілася працягнуць арэнду памяшкання і фронтаўцы апынуліся перад пагрозай высялення. Таму была абвешчаная "абарона" сядзібы БНФ і ўведзеныя кругласуткавыя дзяжурствы.
Мінулай ноччу ў офісе дзяжурылі кіраўнікі партыі — Аляксей Янукевіч, Ігар Лялькоў і Ўладзімір Лабковіч.
"Ноч прайшла абсалютна спакойна, — кажа Аляксей Янукевіч. — Шмат было тэлефанаванняў на ўправу, нават уначы. Людзі выказвалі падтрымку, запытвалі, ці патрэбная дапамога".
Янукевіч кажа, што клугласуткавыя дзяжурствы будуць працягвацца і надалей. Ён разлічвае, што "ўнутраны ціск грамадства праз напісанне лістоў да старшыні Мінгарвыканкама Ладуцькі спыніць незаконнае высяленне партыі". Таксама ў Партыі БНФ ёсць спадзяванне і на міжнародную падтрымку.
Дарэчы, ЖРЭА Савецкага раёна дагэтуль не цікавілася, ці збіраюцца фронтаўцы сыходзіць з офіса.