600 беларусаў сталі ахвярамі “кардэраў-гастралёраў”

600 беларусаў сталі ахвярамі “кардэраў-гастралёраў”

600 беларусаў сталі ахвярамі “кардэраў-гастралёраў”. Расследаванне маштабнай крымінальнай справы закончылі мінскія следчыя. Як інфармуе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі, справа ў адносінах чатырох замежнікаў была распачатая па фактах несанкцыянаванага капіявання інфармацыі з банкаўскіх плацёжных картак і далейшага зняцця з іх грашовых сродкаў. Дваіх зламыснікаў затрымалі, дваіх аб’явілі ў вышук.

Вядома, што ў канцы ліпеня мінулага года зламыснікі прыляцелі ў Мінск і ўстанавілі ў адным з банкаматаў у цэнтры сталіцы замаскіраваны камплект прыстасаванняў. З яго дапамогай яны атрымлівалі поўную інфармацыю пра трымальнікаў плацёжных банкаўскіх картак, якія гэтым банкаматам карысталіся. Далей вырабляліся дублікаты картак і з іх здымаліся грошы. Пацярпелымі па згаданай крымінальнай справе прызналі больш за 600 грамадзян Беларусі. У іх спрабавалі скрасці больш за 360 тысяч рублёў (каля 187 тысяч долараў). Следчыя правялі больш за тысячу следчых дзеянняў, у тым ліку шэраг складаных экспертыз. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Высветлілася, што група замежнікаў мае дачыненне да крадзяжу інфармацыі з плацёжных картак грамадзян Расіі, Нарвегіі, Італіі, Германіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Туркменістана, Саудаўскай Аравіі. У гэтыя краіны адправяць запыты аб аказанні прававой дапамогі.

600 беларусаў сталі ахвярамі “кардэраў-гастралёраў”
Фота: sk.gov.by