56 фота з жонкай выслаў беларус польскім чыноўнікам, каб атрымаць ДНЖ

Беларус дасылае польскім чыноўнікам фота, каб даказаць нефіктыўны шлюб, ілюстрацыйнае фота / Pavel Danilyuk / Pexels.com
Беларус даслаў у польскія дзяржорганы больш за 50 фатаздымкаў з жонкай, каб даказаць, што ў іх не фіктыўны шлюб. Мужчына чакае дазвол на жыхарства (ДНЖ) па ўз'яднанні сям'і, але яго справа завісла ў чыноўнікаў.
Гісторыю сямейнай пары апісвае MOST. Іван і Таісія (імёны змененыя) жывуць у Гданьску з 2022 года. З таго часу беларус чакае развязання сваёй справы.
Шлюбам пара пабралася ў 2022 годзе, незадоўга да ад'езду з Беларусі. У Польшчы яны перавялі беларускае пасведчанне аб шлюбе на польскую мову, а потым памянялі яго на польскае. Пасля гэтага разам падалі дакументы на ДНЖ: Таісія — як этнічная полька, а Іван — як яе муж, па ўз'яднанні.
Справа Таісіі паспяхова вырашылася толькі ў чэрвені 2024 года — яна атрымала дазвол. А справа Івана завісла: мужчына кажа, што за два з паловай гады хадзіў да чыноўнікаў 30 разоў і бясконца пісаў ім на электронную пошту.
Урэшце мужчына заключыў дамову з агенцтвам, якое займаецца легалізацыяй замежнікаў. Дзякуючы яму ў снежні 2024 года Іван пабачыў, што статус справы змяніўся на "праект рашэння" — значыць, чакаць ДНЖ заставалася нядоўга.
Але перад Новым годам яму паведамілі: трэба пацвердзіць, што яны з Таісіяй у шлюбе. Мужчына занёс чыноўнікам актуальную выпіску з пасведчання аб шлюбе, але гэтых доказаў чыноўнікам аказалася недастаткова.
Супрацоўнікі агенцтва выказалі здагадку, што чыноўнікі сумняюцца ў сапраўднасці шлюбу. Яны параілі даслаць сумесныя сямейныя фота. Мужчына перадаў шэсць штук, пасля чаго статус справы зноў памяняўся на "праект рашэння". А неўзабаве чыноўнікі зноў заявілі пра недахоп дакументаў, якія пацвярджаюць шлюб. Тады Іван даслаў яшчэ больш фота.
"У агенцтва скінуў 50 фатаграфій. Там іх раздрукавалі таксама, у канверцік [паклалі], усё занеслі. І напісалі яшчэ афіцыйны ліст, што тэрміны і так ужо парушаныя. У агенцтве мне сказалі, што ў іх такое адчуванне, як быццам яны [чыноўнікі] проста здзекуюцца", — кажа мужчына.
Адказу пакуль няма. Калі справа працягнецца яшчэ год, то ў беларуса ўзнікне новая праблема: у 2026 годзе заканчваецца тэрмін дзеяння ягонага беларускага пашпарта. А на час разгляду справы ён не можа выехаць за межы Польшчы — ні наведаць родных у Беларусі, ні паехаць па Еўропе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.