405 беларусаў выйшлі на волю, 438 былі затрыманыя — статыстыка рэпрэсій
Рэпрэсіі, ілюстрацыйнае фота / shutterstock / Fanni_2021
За перыяд з 1 студзеня па 1 снежня 2025 года ў Беларусі крымінальны пераслед з палітычных прычынаў зазналі не менш за 1267 чалавек (з іх 349 жанчын). Прычым затрымана было як мінімум 438 чалавек. Такую статыстыку апублікавала ў аўторак праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.
За гэты ж перыяд на волю выйшлі 405 чалавек. Сярод іх 24 чалавекі былі вызваленыя ў рамках так званага "памілавання" (паводле інфармацыі з праўладных каналаў — 114 чалавек), 54 чалавекі былі вызваленыя і прымусова вывезеныя ў Літву. Астатнія выйшлі па адбыцці пакарання, адзначаюць праваабаронцы.
Аналізуючы гэтую статыстыку, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў падкрэслівае, што ўзровень рэпрэсій у Беларусі не зніжаецца: "Лічбы кажуць самі за сябе: на 405 чалавек, якія выйшлі на волю, прыпадае 438 новых затрыманняў. І гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць, бо сёння праваабаронцам усё больш складана атрымліваць дакладныя звесткі пра палітычны пераслед".
Паводле яго, рэпрэсіі працягваюць насіць сістэмны і ўстойлівы характар і няма рэальных падстаў казаць пра іх змякчэнне.