300 тысяч мінчан засталіся без артэзіянскай вады

Тры разы за апошнія тры месяцы абаронцы Севастопальскага парка ў Мінску звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта. Тэмай зваротаў стаў лёс свідравін з артэзіянскай вадой, што знаходзяцца на тэрыторыі парка. Паводле словаў самай актыўнай абаронцы Валянціны Шалейнікавай, свідравіны гэтыя вывелі з сістэмы водазабеспячэння горада, і што з імі будзе далей — невядома.

Валянціна Шалейнікава: “Гэта адзінае месца ў горадзе, дзе на тэрыторыі паркавай зоны размешчаная такая група свідравін — 8. І вада тут лічыцца самай чыстай вадой у Мінску. Гэтыя свідравіны забяспечваюць больш за 300 тысяч жыхароў сталіцы чыстай вадой. Цяпер яны не працуюць. А адзін з прадстаўнікоў Мінсквадаканала заявіў нам, што, нібыта, яны зачыненыя з-за таго, што ёсць лішняя вада. Гэта якая лішняя вада, калі палова насельніцтва горада п’е ваду з Вілейска-Мінскай сістэмы — паверхневай крыніцы”.



На думку абаронцаў парка, свідравіны з артэзіянскай вадой збіраюцца знішчыць, бо гэтую тэрыторыю плануецца забудаваць рознымі рэстаранамі, кавярнямі, спартзаламі, фітнэс-цэнтрамі і гэтак далей.

Тое, што свідравіны ў Севастопальскім парку затампанаваныя і цяпер не працуюць, пацвердзіў Еўрарадыё і мэр Мінска Мікалай Ладуцька.

Мікалай Ладуцька:
“Свідравіны гэтыя затампанаваныя — гэта запасныя, рэзервовыя свідравіны. Патрэбна будзе — мы іх адчынім. Але ж яны знаходзяцца ў ахоўваемай зоне. І не дай Божа, мы іх кранем. Гэта нашае багацце, нашая каштоўнасць. І калі нехта там пускае плёткі, што мы збіраемся знішчыць гэтыя свідравіны, то ні ў якім разе. Тэрыторыя Севастопальскага сквера — яна ёсць і будзе”.



У той жа час Еўрарадыё мае дакумент, падпісаны 20 лістапада 2009 года Мікалаем Ладуцькам, дзе катэгарычна заяўляецца: тампанаж свідравін у парку не плануецца нават у перспектыве.



Тое ж у сваім лісце ад 17 снежня 2009 года цвердзіць і намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сушко.



У той жа час начальнік “Вадаправода” Анатоль Чарнаморац сцвярджае, што ніякага тампанажу свідравін не было. Іх проста зарэзервавалі.

Анатоль Чарнаморац:
“Паняцце тампанажу і паняцце рэзерву шмат хто блытае. Тампанаж — гэта ліквідацыя, а рэзерв — гэта працэс чакання. Таму там ніякага тампанажу няма! Я адказна заяўляю, што гэтыя свідравіны застаюцца ў тэхналагічным працэсе. Усе яны захоўваюцца нават ў дэтальным плане развіцця гэтага парка”.



Больш за тое, паводле яго словаў, з гэтых свідравін і цяпер вада трапляе ў кватэры мінчукоў.

Анатоль Чарнаморац: “Калі нейкая свідравіна знаходзіцца ў рэзерве, то гэта не азначае, што яна не знаходзіцца ў тэхналагічным працэсе. Горад можа спажываць цягам гадзіны па-рознаму. Таму нешта адключаецца і становіцца ў рэзерв, а нешта — падключаецца. І так перыядычна ўсё гэта робіцца”.

Але ў абаронцы парка Валянціны Шалейнікавай ёсць сумнеў у шчырасці як сталічнага мэра, гэтак і супрацоўнікаў “Мінсквадаканала”, калі тыя кажуць, што свідравінам у парку нічога не пагражае.

Валянціна Шалейнікава: “Ладуцька кажа, што паводле Дэтальнага плану ўсе свідравіны захоўваюцца. Не зразумела: што значыць захоўваюцца? Як дэкаратыўныя. Па-другое, Ладуцька хітрыць, бо ў Дэтальным плане прынятае рашэнне аб пераносе свідравін за межы горада. А план зацверджаны Мінгарвыканкамам. Атрымліваецца, што мэр уводзіць усіх у зман”.



Што тычыцца Дэтальнага плана, то ў тым жа сваім лісце мэр Мінска пацвярджае, што тэрыторыя парка будзе забудоўвацца рознымі рэстаранамі, танцзаламі ды “іншымі аб’ектамі сацкультбыта”.



А на той момант выканаўца абавязкаў гендырэктара “Галоўдзяржбудэкспертызы” Аляксандр Мароз у сваім лісце кажа, што дазвол на будаўніцтва гэтых аб’ектаў на тэрыторыі парка даў “Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў”. Згодна са словамі Мароза, інстытут правёў неабходныя даследаванні, вынік якіх дазваляе суседства свідравін з артэзіянскай вадой і рэстаранаў.





Вось толькі былы дырэктар гэтага інстытута Міхаіл Калінін сваім лістом ад 9.07.2009 сцвярджае, што ніякіх даследаванняў іх спецыялісты не праводзілі і “гідраэкалагічных абгрунтаванняў магчымасці размяшчэння аб’ектаў гаспадарання на тэрыторыі парка” не давалі.



Пракаментаваць магчымасць вяртання да жыцця затампанаваных свідравін і рэальнасць пераносу свідравін з Севастопальскага парка за горад Еўрарадыё папрасіла намесніка генеральнага дырэктара па геалогіі прадпрыемства “Беларуснафта” Валерыя Бескапыльнага. Ён адзначае, што перанос свідравіны на іншае месца — мерапрыемства рызыкоўнае.

Валерый Бескапыльны:
“Перанесці — гэта азначае прабурыць новую свідравіну. Але тут трэба ацаніць верагоднасць таго, ці на 100 адсоткаў там будзе ваданосны слой на гэтай глыбіні, ці не адбылося замяшчэнне так званых калектараў, якія ўтрымліваюць ваду, на шчыльныя пароды. Прабурыш — прамажаш. Ёсць рызыка, што свідравіна будзе няўдалая”.

Вярнуць да жыцця затампанаваную свідравіну, кажа ён, магчыма. Але каштаваць гэта будзе некалькі соцень тысяч долараў.

Фота: Змітра Лукашука