10-гадовая дзяўчынка даставала кацяня і выпала з акна трэцяга паверху
У Брэсцкім раёне 10-гадовая дзяўчынка даставала кацяня, якое вылезла праз верхнюю фортку на вонкавы падваконнік, і выпала з акна трэцяга паверху. Здарэнне адбылося 1 кастрычніка ў вёсцы Вялікія Матыкалы. Як інфармуе БелаПАН, школьніца адчыніла ніжнюю фортку і выйшла на падваконнік. Падаючы, яна паспела закінуць кацяня ў пакой. Падзенне дзяўчынкі прытармазіў тэлевізійны кабель, за які яна зачапілася. Яна атрымала пераломы рукі, іншыя траўмы, дзяўчынку шпіталізавалі ў Брэсцкую абласную дзіцячую бальніцу.
Як адзначае афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, у момант здарэння маці школьніцы была ў другім пакоі. Праводзіцца праверка.