Жыхары Здэрота штодня чакаюць новых “касамаў” і новай вайны

За мінулыя 8 гадоў на горад з 25-тысячным насельніцтвам Здэрот і навакольныя раёны з Сектара Газа прыляцела больш за 8 тысяч ракет “касам”. Ад іх загінулі 15 чалавек, амаль палова з іх — дзеці. Пра гэта карэспандэнту Еўрарадыё  расказаў дырэктар мясцовай школы, сакратар мэрыі Здэрота Шалом Алеві.

Шалом Алеві: “Першыя ахвяры з’явіліся ў 2004 годзе. І першым стала чатырохгадовае дзіцё. Разам са сваёй маці хлопчык ішоў у дзіцячы садок і быў ужо на ўваходзе. Ён загінуў на месцы, а яго маці была цяжка параненая і ёй ампутавалі нагу. Побач на лаўцы прысеў адпачыць дзядуля, які толькі што завёў свайго ўнука ў гэты ж садок. Тая ж ракета “касам” забіла і яго. Праз тры месяцы два дзіцёнкі іграюць у двары, непадалёк ад дома, і раптам падае ракета. Гіне двухгадовая дзяўчынка і чатырохгадовы хлопчык”.



Жыць у страху, у штохвілінным чаканні “чырвонага сігналу” — папярэджання, што з Сектара Газа паляцела чарговая ракета, стала для дзяцей Здэрота нормай, кажа сакратар мэрыі. Пры гэтым, кожны ведае — на тое, каб пасля сігналу знайсці схованку ён мае максімум 15 секунд. Менавіта столькі трэба “касаму”, каб даляцець да іх горада з Сектара Газа, кажа мэр горада Давід Бускіла.

Давід Бускіла: “Вельмі цяжка перадаць пачуцці бацькоў, якія знаходзяцца з дзецьмі, да прыкладу, дома, і раптам чуюць сігнал сістэмы апавяшчэння, якая крычыць: “Чырвонае святло!” І ў іх ёсць усяго 15 секунд на тое, каб знайсці сховішча. 74% дзяцей, жыхароў Здэрота пакутуюць ад посттраўматычнага сіндрома”.



Аўтобусныя прыпынкі Здэрота не нагадваюць, а сапраўды з’яўляюцца грунтоўна ўмацаванымі схованкамі ад ракет.



А па ўсім горадзе раскіданыя бомбасховішчы. І месцазнаходжанне кожнага з іх людзі ведаюць на ўзроўні падсвядомасці.



І таму, кажа мэр, жыхары марылі аб вайне — вайне ізраільскай арміі супраць тэрарыстаў Газа.

Давід Бускіла: “Усе гэтыя 8 гадоў мы чакалі, што ўрад Ізраіля, армія абароны Ізраіля зробяць хоць што-небудзь для таго, каб змяніць сітуацыю. Але гэтага не адбывалася. І толькі ў снежні 2008 года армія абароны Ізраіля пачала праводзіць аперацыю, якая атрымала назву “Літы свінец”. І мэтай яе было — спыніць абстрэл як Здэрота, так і навакольных ад Сектара Газа раёнаў”.

Тая вайна стала для мясцовых жыхароў надзеяй на спакойнае жыццё. І яно настала. Нягледзячы на тое, што Сектар Газа па-ранейшаму належыць палесцінцам і там зараз пануе радыкальны Хамаз. Але з таго часу, кажа ён, на горад упала “ўсяго” 540 ракет.

Давід Бускіла:
“У прынцыпе, сітуацыя зараз змянілася. Людзі адчуваюць сябе абароненымі, армія навяла тут цішыню. Сітуацыя змянілася ў лепшы бок, але і гэта адносна: калі звярнуцца да статыстыкі, то бачна, што са снежня 2008 года і да гэтага дня на горад і навакольныя раёны было выпушчана 540 ракет”.





Дарэчы, як расказалі жыхары Здэрота карэспандэнту Еўрарадыё, апошняя ракета прыляцела ў горад два дні таму. Такі “спакой” не дае канчаткова забыцца пра небяспеку гараджанам. І таму вось ўжо два гады да кожнага прыватнага дома, кожнай кватэры ў шматпавярховых дамах прыбудоўваецца так званы “пакой бяспекі” — бетонныя сцены амаль паўметровай таўшчыні з невялічкім акенцам. Браніраванае шкло якога можа вытрымаць прамое патрапленне ракеты “касам”. Школы ператвараюцца ў браніраваныя бункеры.

Давід Бускіла:
“Дзеці вось ужо 10 гадоў вучацца ў школах, таўшчыня сцен якіх 40 сантыметраў. І гэта сапраўдны бетон! Шкло на вокнах школ можа вытрымаць удары пяці кілаграмаў узрыўчаткі. Два гады прайшло пасля аперацыі “Літы свінец”, але вы можаце бачыць, што гарад Здзэрот па-ранейшаму напагатове. І ён заўсёды гатовы абараняцца. Бо пагроза вісіць над намі — гэта толькі нейкая пярэрва ў канфлікце. За гэтыя два гады было пабудавана каля 2,5 тысяч прыватных “пакояў бяспекі”. І ў бліжэйшыя два гады яшчэ дзве тысячы такіх сховішчаў будзе пабудавана”.


 

На думку мэра, нават гэтая адносная цішыня не працягнецца доўга. Кажа, што зараз “тэрарысты Хамаз актыўна займаюцца назапашваннем зброі”. І праз некаторы час можна чакаць, што ракеты ізноў пачнуць лётаць да іх у “госці” штодня. А спадзяванняў на мірны вынік ізраільска-палесцінскіх перамоў, па яго словах, няма.



Амаль перад выездам з Здэрота карэспандэнт Еўрарадыё напаткаў дэпутата ізраільскага Кнэсэта (надзелены сапраўднымі правамі і паўнамоцтвамі прымаць адказныя дзяржаўныя рашэнні, аналаг Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі — Еўрарадыё), прадстаўніка апазіцыйнай партыі “Кадзіма” Роберт Цівіаеў. У адказ на пытанне Еўрарадыё ён шчыра прызнаўся, што верагоднасць чарговай вайны вельмі вялікая.

Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць трэцяй інтыфады?

Роберт Цівіаеў:
“Вельмі вялікая! Мы жывём на парахавой бочцы. І вы пра гэта павінны памятаць”.

 


Гуляючы па горадзе, карэспандэнт Еўрарадыё цікавіўся ў мясцовых жыхароў адным — чаму яны не з’язджаюць у больш спакойныя раёны Ізраіля, куды не далятаюць “касамы”? У адказ найперш чуў, што яны прывыклі да гэтых мясцін, што тут жывуць родныя і сябры. Але потым прызнаваліся, што тут маюць дом. На будаўніцтва якога ў свой час бралі іпатэчны крэдыт. І яго трэба вяртаць. А кватэры ў Здэроце ў сярэднім каштуюць 250 тысяч долараў. Нават калі ехаць у новае пасяленне, дзе дамы  дзяржава альбо выдае бясплатна, альбо каштуюць яны ў 10 разоў менш, гэта не ратуе сітуацыю — ад вяртання раней узятага крэдыта ніхто не вызваляе.

 


Фота: Змітра Лукашука