Жыхар Калінкавічаў паўтара гады здымаў грошы з карткі былой цешчы

Жыхар Калінкавічаў паўтара гады здымаў грошы з карткі былой цешчы

Жыхарка Калінкавічаў заўважыла, што з яе банкаўскай карткі сталі знікаць немалыя сумы грошай. За перыяд з мая 2015 па снежань 2016 года было знята больш за 4700 рублёў (каля $2350). Жанчына напісала заяву ў міліцыю.

Праваахоўныя органы выйшлі на яе былога зяця, які ведаў пін-код ад карткі і раней па просьбе цешчы аплачваў камунальныя плацяжы. Следчыя высветлілі, што мужчына купляў тавары ў інтэрнэце і гуляў у аўтаматы, піша "СБ — Беларусь сегодня".

Усяго ён здымаў грошы з цешчынай карткі больш за 20 разоў. У дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 14 і частцы 3 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Беларусі — замах на крадзеж маёмасці шляхам змены інфармацыі, якая апрацоўваецца ў кампутарнай сістэме.

Падчас расследавання прадпрымальны зяць прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым, а таксама цалкам кампенсаваў выкрадзеныя сродкі. Але ўсё ж трапіў пад суд. Калінкавічаніна прызналі вінаватым і прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на 2 гады.

"Яму таксама давядзецца адпрацаваць 100 гадзінаў грамадскіх работ", — распавяла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова