За забойства бацькі Мінгарсуд асудзіў мужчыну да 18 гадоў калоніі
Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарсуда вынесла абвінаваўчы прысуд мужчыну, які забіў свайго бацьку, а затым спаліў за горадам яго труп. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла памочнік старшыні Мінгарсуда Настасся Шыльвян.
Мужчыну прызналі вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Яму прысудзілі 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму. Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Абгарэлы труп мужчыны быў знойдзены 25 чэрвеня ў адным з раёнаў Мінскай вобласці. Цела знаходзілася ў лесапаласе каля чыгункі. Выпадковы мінак звярнуў увагу на вогнішча ў бязлюдным месцы. на месцы вогнішча ён пабачыў абгарэлыя чалавечыя парэшткі. Экспертам удалося выявіць асобу мужчыны і высветліць акалічнасці здарэння.
Злачынства, як даведаліся следчыя, учыніў 30-гадовы сын загінулага на глебе асабістых непрыязных адносін. Бацька жыў з сям'ёй сына ў адной кватэры. Яны часта сварыліся праз тое, што бацька злоўжываў спіртным. Чарговы канфлікт адбыўся ў ноч на 25 чэрвеня і перарос у бойку. У выніку сваркі сын забіў бацьку, а цела вывез за межы Мінска і спаліў.