За выхадныя ў Брэсцкай вобласці патанулі двое дзяцей і двое дарослых

За выхадныя ў Брэсцкай вобласці патанулі двое дзяцей і двое дарослых

За выхадныя на Брэстчыне патанулі двое дзяцей і двое дарослых. Як інфармуе афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк, у суботу ў адной з вёсак Кобрынскага раёна ў сажалцы на падворку патанула дзіця, якому быў толькі адзін год. Следчыя высветлілі, што вадаём агароджаны плотам, брама замыкаецца на засаўку. У той жа дзень у вёсцы Рудка Пінскага раёна падчас купання ў Ясельдзе патануў 13-гадовы хлопчык. Ён быў з сябрамі, але яны не змаглі яму дапамагчы. Цела з вадаёма дасталі супрацоўнікі МНС. Хлопчык быў адзіным дзіцём у сям'і.

Увечары ў нядзелю трагічнае здарэнне адбылося ў Бярозаўскім раёне. 60-гадовы мужчына распіваў алкагольныя напоі на беразе канала ГРЭС у Белаазёрску, а пасля нырнуў у ваду. Глыбіня вадаёма там складала каля 1 метра. Мужчыну, які страціў прытомнасць, з вады выцягнуў сын. Медыкі з "хуткай" праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але выратаваць жыццё не змаглі. У той жа дзень у вадаёме ў Брэсцкім раёне патануў 48-гадовы жыхар абласнога цэнтра. Ён адпачываў на лецішчы з братам, яны распівалі алкагольныя напоі, а пасля пайшлі купацца.

Следчы камітэт праводзіць праверкі, прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы.