За самаабарону – дзевяць гадоў турмы
Жыхар Маладзечна, абараняючыся ва ўласнай кватэры ад трох хуліганаў, выпадкова забіў аднаго з іх. У выніку, яго асудзілі за наўмыснае забойства, а ніхто з напад
Сям'я Сяргея і Жаны Мінчуковічаў з Маладзечна была падобная да
звычайнай сям'і: з каханнем, шчасцем, але часам і са сваркамі. З кім не
бывае… За 12 год у іх нарадзілася трое дзетак. Сяргей спачатку кіраваў
цэхам на Заводзе жалеза-бетонных вырабаў, а пасля працаваў прарабам на
будаўніцтве.
Нечаканая трагедыя разыгралася ў 2002 годзе. Жана
доўга не вярталася дадому, і Сяргей патэлефанаваў яе сястры Святлане. Ён
нібыта абразіў дзяўчыну, а яе муж прыраўнаваў каханую да Мінчуковіча і
вырашыў яго "правучыць". Адпомсціць мужу за абразу сястры была не
супраць і сама Жана. Раніцай, калі Сяргей яшчэ спаў, Жана адчыніла
дзверы тром мужчынам на чале са шваграм.
“Як яны прыехалі — яна ім дзверы адчыніла, — не стрымлівае слёзы маці Сяргея Таццяна Мінчуковіч.
— Сын у гэты час спаў, а яны адразу пачалі яго біць нагамі. А яна
стаяла і глядзела. Ён прама заліўся крывёю. У асноўным білі ў галаву і ў
грудзі. Яна заўважыла, што вельмі моцна кроў ідзе, і крыкнула:
“Хопіць!”. І яны выбеглі на лесвічную пляцоўку. Яны стаялі на пляцоўцы
курылі, і яна з імі. А дзверы замкнула на ключ, каб ён не мог выйсці да
суседкі па дапамогу”.
Уся
бойка адбывалася на вачах у траіх дзяцей. І ніхто загадзя не мог
паверыць, што такое "павучанне" прывядзе да крывавага фіналу.
“Сяргей падышоў да дзвярэй, а яны зачыненыя з таго боку. І чуе, што яна там размаўляе з нападнікамі, смяецца, — працягвае Таццяна Мінчуковіч.
— Ён вярнуўся і палез за нажамі — яму акурат нядаўна падаравалі набор
нажоў. А дзеці ўбачылі і пабеглі сказаць маці праз дзверы. “Ах, ён нож
узяў!” — яна адчыняе дзверы, сама наперадзе, а яны ззаду за ёй. І ўзялі ў
калідоры дзве дошкі ад мэблі, там сусед рабіў мэблю, уварваліся ў
кватэру — і адразу пачалі яго біць”.
Абараняючыся, Сяргей
трапіў нажом аднаму з нападнікаў ў артэрыю. “Хуткая” прыехала запозна.
За гэты час паранены страціў занадта шмат крыві.
У
жніўні 2003 года Маладзечанскі раённы суд прысудзіў Сяргея Мінчуковіча
да 9 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў наўмысным
забойстве, а таксама… ў спробе згвалтавання непаўналетняй.
Спрабаваў
згвалціць ён, нібыта, усё тую ж сястру жонкі Святлану. Прычым амаль за
10 гадоў да гэтай гісторыі з забойствам — у 1993 годзе. Чаму толькі ў
2003 годзе гэтую справу выцягнулі з паліцы, не разумее нават адвакат
юрыдычнай кансультацыі Маладзечанскага раёна Ларыса Загірбекава.
Ларыса Загірбекава: “У той час, калі адбыліся гэтыя падзеі (у 1993 годзе — ЕРБ),
маці пацярпелай звярталася ў міліцыю, і праводзілася праверка. На жаль,
не захаваліся дакументы з вынікамі гэтай праверкі. Ці то было адмоўлена
ў распачынанні справы, ці то справу распачалі, але яна была спыненая.
Пазней ніхто не праверыў — якая пастанова выносілася. А ў
Крымінальна-працэсуальным кодэксе пазначана: калі маецца пастанова аб
спыненні справы альбо ў адмове аб яе распачынанні, то пакуль такая
пастанова не будзе адмененая, нельга вяртацца і распачынаць у адносінах
да гэтых жа дзеянняў крымінальную справу”.
Суд жа, паводле
словаў адваката, на гэтую “недарэчнасць” увагі не звярнуў. А з таго, што
казала “пацярпелая”, зусім не вынікала, што яе сапраўды хацелі
згвалтаваць, упэўненая Ларыса Загірбекава.
Цікава і тое, што
выплыла старая справа роўна праз тыдзень пасля таго, як Сяргей
Мінчуковіч падчас следства аб забойстве напісаў заяву з патрабаваннем
прыцягнуць да адказнасці тых, хто на яго напаў.
Ларыса Загірбекава: “Насцярожвае
тое, што на заяву Мінчуковіча аб прыцягненні да адказнасці тых, хто
нападаў, ніхто не адрэагаваў. Спачатку напісалі, што іх дзеянні былі
правільныя. Але потым суд адмяніў гэтую пастанову, накіравалі справу на
новы разгляд. Праўда, у выніку ніхто ні за што не адказаў — заява
Мінчуковіча засталася без разгляду. І суд не даў ацэнку дзеянням гэтых
таварышаў”.
"Слепата"
маладзечанскай Феміды не спыніла маці Сяргея. Амаль за дзевяць гадоў
Таццяна Мінчуковіч напісала дзясяткі скаргаў і заяў у Вярхоўны суд і
Генпракуратуру, Палату прадстаўнікоў і Савет бяспекі, КДБ і
Адміністрацыю прэзідэнта. Была на прыёме ў кіраўнікоў усіх гэтых устаноў
і іх намеснікаў. Звярталася нават у Жэневу — у Суд па правах чалавека.
Нічога не дапамагло: усе абмяжоўваліся адпіскамі.
Таццяна Мінчуковіч: “Была
і ў міністра юстыцыі, была ва ўсіх камісіях Палаты. Я была на выязным
прыёме ў Макея 22 чэрвеня. І хоць Макей абяцаў разабрацца, пагаджаўся з
маімі довадамі, што ўсё сфабрыкавана, але ўжо праз 4 дні я пачала
атрымліваць адпіскі. Фармальныя адпіскі, што ўсё слушна. Як яны звычайна
і робяць”.


На сямейную трагедыю Таццяна Мінчуковіч мае свой погляд. Маці лічыць, што прычынай драмы стала… кватэра.
Таццяна Мінчуковіч: “Я
лічу, што прычына ў тым, што падыходзіла чарга на трохпакаёвую кватэру.
Ім хутка ўжо трэба было засяляцца. І яна адразу, як яго асудзілі,
пачала пераафармляць на сябе кватэру. Ён стаяў на чарзе, яму выдзяляўся
крэдыт, а яна напісала заяву: “Прашу перапісаць чаргу на маю жонку”,
сама распісалася. Такім чынам увайшла ў склад ЖБК і аформіла кватэру на
сябе. І цяпер судзімся за гэтую кватэру, бо яна ні ў якім разе не хоча
яго туды прапісваць”.
Тым часам Сяргею Мінчуковічу паводле
амністыі скарацілі тэрмін зняволення на адзін год. З турмы ён выйдзе ў
бліжэйшыя два тыдні. Але яго маці не збіраецца супакойвацца і будзе
дабівацца перагляду справы. Адвакат Ларыса Загірбекава абяцае ў гэтым
падтрымліваць жанчыну. Хацелася б, кажа Таццяна Мінчуковіч, яшчэ і тых
нападнікаў пакараць. Але ў гэтую магчымасць не верыць ні яна, ні
адвакат.


Фота: Змітра Лукашука