Выручка беларускіх дзяржпрадпрыемстваў вырасла, але прыбытак скарачаецца

Мінскі трактарны завод, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Прадпрыемствы, якія цалкам або часткова належаць дзяржаве, у першым квартале павялічылі выручку, але скарацілі чысты прыбытак. На гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.news.
Паводле дадзеных Белстата, выручка дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з дзярждоляй у першым квартале склала 58,3 млрд рублёў. Гэта на 17,1% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым чысты прыбытак за студзень-сакавік знізіўся на 21,5% да 2,15 млрд рублёў. Ніжэй стала і рэнтабельнасць продажаў. За год яна знізілася на 2 п.п. да 6,7%.
Скараціўся і экспарт тавараў. У першым квартале за мяжу было пастаўлена прадукцыі на 3,7 млрд долараў — гэта на 300 млн менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Імпарт пры гэтым вырас на 330 млн долараў да 2,16 млрд долараў.
Адзначым, што ў справаздачу Белстата былі ўключаныя 2757 юрыдычных асоб, якія поўнасцю або часткова належаць дзяржаве. За год іх колькасць скарацілася на 118 арганізацый. Скарацілася і колькасць работнікаў. Цяпер у дзяржсектары занятыя 1,15 млн чалавек, што на 35 тысяч чалавек менш, чым летась.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.