Вынесены прысуд за жорсткае забойства мужчыны ў Стаўбцоўскім раёне
Мінскі абласны суд вынес рашэнне па справе аб забойстве 50-гадовага мужчыны ў Стаўбцоўскім раёне. Яго аднавясковец атрымаў 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе TUT.by. Таксама галоўнага фігуранта справы абвінавачвалі ў незаконным захоўванні выбухоўкі і перамяшчэнні праз мяжу боепрыпасаў. Да таго ж ён абавязаны заплаціць сям’і забітага кампенсацыю за маральную шкоду ў 10 тысяч рублёў.
Другога абвінавачанага судзілі за ўтойванне слядоў злачынства і незаконнае захоўванне выбухоўкі. Ён атрыімаў 3 гады калоніі.
Забойства адбылося ў ліпені 2017 года: абвінавачаныя, паводле версіі следства, былі нецвярозыя, калі сустрэлі свайго аднавяскоўца. Здарыўся канфлікт. Галоўны фігурант збіў пацярпелага да смерці бутэлькай і металічнай манціроўкай. Затым цела перацягнулі ў двор і кінулі ў калодзеж. Труп знайшлі толькі праз некалькі дзён.
Абвінавачаных затрымалі і падчас вобшуку знайшлі ў іх паўкілаграмы бяздымнага пораху і патроны. Іх прывёз машынай з Расіі адзін з абвінавачаных.