Версія: Украінскі блокпост падарваў таксіст, якога выкарысталі "ўсляпую"
Баевікі так званых ДНР і ЛНР пачалі "ўсляпую" выкарыстоўваць мясцовае насельніцтва як смяротнікаў.
Пра гэта перасцерагае на сваёй старонцы ў фэйсбуку журналіст Юрый Бутусаў, перадае censor.net.ua.
Як прыклад ён згадвае тэракт 22 ліпеня на блокпосце каля Каменкі. Паведамлялася, што яго ўчыніў смяротнік. Аднак Бутусаў сцвярджае, што тэракт здзейсніў не самазабойца, а мясцовы таксіст, якому ў машыну тэрарысты заклалі бомбу.
Па яго словах, відавочца, які выжыў цудам, не лічыць, што аўтамабілем кіраваў самазабойца. Баец заяўляе, што гэта быў мясцовы жыхар, у машыну якога тэрарысты заклалі магутны зарад (да 30 кілаграмаў трацілу) і ўсталявалі радыёпадрывальнік. Кіроўца паводзіў сябе спакойна. Хутчэй за ўсё, гэта быў таксіст, якога папрасілі перавезці скрынку з грузам. Бомбу, верагодна, падарвалі дыстанцыйна, піша Бутусаў. Ён удакладняе, што ахвяраў тэракту не тры, а як мінімум пяць.
Фота — censor.net.ua