Ва Украіне абвешчаная жалоба па загінулых вайскоўцах
А 12.00 па ўсёй тэрыторыі краіны памяць загінулых ушануюць хвілінай маўчання.
Прэзідэнт Пятро Парашэнка выказаў глыбокія спачуванні сем’ям вайскоўцаў і памежнікаў, якія былі забітыя сепаратыстамі:
“У нядзелю я абвяшчаю дзень жалобы па нашых вайскоўцах. Гэта вялікая страта не толькі для сем’яў загінулых, але і для цэлай краіны. Украіна ў смутку, але мы рашуча працягваем барацьбу за мір”, — падкрэсліў Парашэнка.
“Усе, хто мае дачыненне да цынічнага тэракту такога маштабу, абавязкова будуць пакараныя. Украіне патрэбны мір. Аднак тэрарысты атрымаюць адэкватны адказ”, — заявіў кіраўнік краіны.
У ноч на 14 чэрвеня, каля 1.10 пры заходзе на пасадку ў аэрапорце Луганска стрэлам з зенітнага ракетнага комплексу баевікі збілі ваенна-транспартны самалёт Узброеных сіл Украіны Іл-76. На борце самалёта, апроч 9 сябраў экіпажу, знаходзіліся 40 вайскоўцаў. Усе яны загінулі.
У той жа дзень у Марыупалі сепаратысты абстралялі калону транспарту — трое памежнікаў загінулі і чацвёра атрымалі раненні, перадае УНІАН.