Успышка гепатыту А ў Беларусі можа быць выкліканая прадуктамі з Афрыкі

Успышку гепатыту А ў Беларусі выклікала садавіна з Афрыкі ці Блізкага Усходу, ілюстрацыйнае фота

Успышку гепатыту А ў Беларусі выклікала садавіна з Афрыкі ці Блізкага Усходу, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Прычынай рэзкага росту захворвання на гепатыт А ў Беларусі маглі стаць прадукты з Афрыкі ці краін Блізкага Усходу. Гэта высветлілі "Белыя Халаты", прааналізаваўшы артыкул супрацоўнікаў дзяржаўных эпідэміялагічных цэнтраў.

Пра ўспышку гепатыту А ў Беларусі стала вядома год таму. Першымі трывогу забілі ў Латвіі, дзе зафіксавалі прывезеныя з нашай краіны выпадкі захворвання.

Пазней стала вядома, што толькі за першае паўгоддзе 2024-га захворванне на вірусны гепатыт А ў Беларусі павялічылася ў 7,5 раза.

Гепатыт А — гэта запаленчае захворванне печані. Распаўсюджваецца вірус пераважна праз харчовыя прадукты ці ваду. ён не выклікае хранічных захворванняў печані, але можа суправаджацца цяжкімі сімптомамі і прыводзіць да смерці.

Прычыны захворвання назвалі супрацоўнікі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Беларусі. У тэкуссце гаворыцца, што за апошнія гады заражэнне вірусам гепатыту А адбывалася найчасцей праз прадукты харчавання (24,3%) і кантактна-бытавым шляхам (21,5%). Водным шляхам інфекцыя распаўсюджвалася радзей (6,1%). Вакцынацыя ад гепатыту А ў Беларусі не з'яўляецца абавязковай.

"Атрыманыя вынікі дазваляюць выказаць здагадку высокую верагоднасць заносу на тэрыторыю Беларусі ўзбуджальніка назіранага ў 2024 годзе захворвання, што можа быць звязана з ужываннем прадукцыі, імпартаванай з краін блізкаўсходняга/афрыканскага рэгіёнаў, дзе ён распаўсюджаны", — заяўляюць даследчыкі.

У "Белых Халатах" мяркуюць, што гаворка хутчэй за ўсё ідзе пр імпартную садавіну з гэтых рэгіёнаў. Як прыклад згадваюць, што ў сакавіку 2024-га партовы кантроль Іспаніі папярэджваў пра гепатыт А ў клубніцах з Марока. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.